Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

4 ЦАРСТВАЎ 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Нааман, кіраўнік войска цара сірыйскага, быў вялікі чалавек у свайго гаспадара і быў вельмі паважаны, бо праз яго Госпад даў перамогу Сірыі. І быў ён чалавекам адважным, але быў пракажоны.

2 А сталася, што выйшла войска з Сірыі, і ўзялі сярод палонных з зямлі Ізраэля малую дзяўчынку, якая паслугавала жонцы Наамана.

3 Сказала яна гаспадыні сваёй: «О, каб гаспадар мой пайшоў да прарока, які ёсць у Самарыі! Ён, напэўна, вылечыў бы яго ад праказы, якою хварэе!»

4 Дык Нааман пайшоў да гаспадара свайго і расказаў яму, кажучы: «Вось так і так сказала дзяўчынка з зямлі Ізраэля».

5 І цар Сірыі сказаў яму: «Ідзі, і я пашлю ліст да цара Ізраэля». Ён, калі пайшоў, узяў з сабой дзесяць талентаў срэбра, і шэсць тысяч сікляў золата, і дзесяць змен адзення,

6 і прынёс ён цару Ізраэля ліст такога зместу: «Калі атрымаеш гэты ліст, ведай, што я пасылаю да цябе паслугача майго, Наамана, каб ты вылечыў яго ад праказы яго».

7 Калі цар Ізраэля прачытаў гэты ліст, то раздзёр шаты свае і сказаў: «Ці ж я Бог, каб мог забіваць ці вяртаць жыццё, што ён прысылае да мяне, каб я вылечыў чалавека ад яго праказы? Падумайце і паглядзіце, ці ён не зачэпкі шукае супраць мяне?»

8 Калі аб гэтым даведаўся Элісей, чалавек Божы, што цар Ізраэля раздзёр шаты свае; ён паслаў яму паведаміць: «Навошта раздзёр ты шаты свае? Хай прыходзіць ён да мяне і хай даведаецца, што ёсць прарок у Ізраэлі».

9 І прыбыў Нааман з конямі і калясніцамі, і затрымаўся каля дзвярэй дома Элісея.

10 А Элісей паслаў да яго пасланца сказаць: «Ідзі і памыйся сем разоў у Ярдане; і цела тваё стане здаровым, і будзеш ты ачышчаны ад праказы».

11 І ўзлаваўся Нааман, і адышоў, кажучы: «Я думаў, што ён выйдзе да мяне, і стане, і будзе прызываць імя Госпада, Бога свайго, і што дакранецца рукой сваёй да месца праказы і аздаровіць мяне.

12 Ці не лепшыя Абана і Парпар, рэкі Дамаска, за ўсе рэкі Ізраэля? Ці ж не мог я памыцца ў іх і ачысціцца?» І, узлаваны, павярнуўся і пайшоў;

13 і прыступіліся да яго паслугачы яго і казалі яму: «Калі б незвычайныя рэчы сказаў табе прарок, ты, напэўна, зрабіў бы; тым больш, калі ён сказаў табе: “Памыйся і будзеш ачышчаны”».

14 Адышоў Нааман, і сем разоў акунуўся ў Ярдане па слове чалавека Божага, і аднавілася цела яго, як цела малога дзіцяці, і быў ён ачышчаны.

15 І вярнуўся ён да чалавека Божага, прыйшоў з усёй сваёй дружынай, і стаў перад ім і сказаў: «Пераканаўся я, што на ўсёй зямлі няма Бога, толькі ў Ізраэля! Дык цяпер, прашу, прымі дар удзячнасці ад паслугача свайго».

16 Але Элісей адказаў: «Жыве Госпад, перад Якім стаю, не вазьму». І той вельмі прасіў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.

17 І сказаў Нааман: «Як пажадаеш. Але, прашу, хай мне, паслугачу твайму, дадуць столькі зямлі, колькі пара мулаў везці зможа; бо паслугач твой ужо не будзе складаць ахвяры цэласпалення, ані крывавай ахвяры іншым багам, але толькі Госпаду!

18 Адно толькі хай прабачыць Госпад паслугачу твайму: калі гаспадар мой уваходзіць у храм Рэмона, каб пакланіцца там, і калі апіраецца ён на маё плячо, я таксама мушу пакланіцца ў храме Рэмона, калі ён будзе пакланяцца ў тым жа месцы. Хай даруе Госпад мне, паслугачу твайму, гэта».

19 Ён сказаў яму: «Ідзі ў супакоі». І ён ад’ехаў ад яго на невялікую адлегласць.

20 А Гэхазі, паслугач чалавека Божага, сказаў: «Гаспадар мой пашкадаваў Наамана, сірыйца гэтага, бо не прыняў ад яго таго, што ён прынёс; жыве Госпад, пабягу за ім і нешта атрымаю ад яго».

21 І пабег Гэхазі за Нааманам. Калі той убачыў яго, які бег за ім, ён сышоў з калясніцы насустрач яму і сказаў: «Ці ўсё добра?»

22 І ён адказаў: «Добра. Гаспадар мой паслаў мяне сказаць: “Толькі што прыбылі да мяне два юнакі з гары Эфраіма з сыноў прарокаў. Дай ім талент срэбра і два адзенні на змену”».

23 І сказаў яму Нааман: «Лепш вазьмі два таленты». І ўпрошваў яго, і завязаў у дзве торбы два таленты срэбра, і два адзенні на змену, і даў двум сваім паслугачам, і яны панеслі іх перад ім.

24 І калі прыйшоў ён на ўзгорак, то сам забраў гэтыя рэчы з іх рук, і паклаў у доме; і людзей тых адпусціў, і яны пайшлі.

25 А сам ён пайшоў і з’явіўся перад гаспадаром сваім. І спытаўся ў яго Элісей: «Адкуль прыйшоў, Гэхазі?» Ён адказаў: «Паслугач твой не хадзіў нікуды».

26 А той сказаў яму: «Ці ж сэрца маё не хадзіла з табою, калі насустрач табе сышоў чалавек з калясніцы сваёй? Ці цяпер час браць срэбра, і браць адзенне, і аліўкавыя дрэвы, і вінаграднікі, і авечак, і валоў, і нявольнікаў, і нявольніц?

27 Але і праказа Наамана прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх назаўсёды». І выйшаў Гэхазі ад яго белы, як снег, ад праказы.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы