4 ЦАРСТВАЎ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А адна ўдава пасярод жонак сыноў прарокаў заклікала Элісея, кажучы: «Мой муж, паслугач твой, памёр, і ты ведаеш, што паслугач твой баяўся Госпада; і, вось, прыйшоў ліхвяр, каб забраць сабе абодвух маіх дзяцей у нявольнікі». 2 Элісей сказаў ёй: «Чым мог бы я табе дапамагчы? Скажы мне, што маеш у доме сваім?» А яна адказала: «Паслугачка твая не мае ў доме сваім анічога, апрача збанка з алеем». 3 Сказаў ён ёй: «Ідзі, пазыч сабе посуд ва ўсіх сваіх суседзяў, посуд пусты, і набяры яго нямала; 4 і вярніся і замкні дзверы за сабою і сынамі сваімі, і адтуль налівай ва ўсе гэтыя пасудзіны, і, напоўненыя, адстаўляй». 5 Такім чынам, яна пайшла ад яго, і замкнула дзверы за сабою і за сынамі сваімі; яны падносілі ёй посуд, і яна налівала. 6 І, калі ўвесь посуд быў поўны, сказала яна сыну свайму: «Прынясі мне яшчэ посуд». І ён адказаў: «Не маю больш посуду». І спыніўся алей. 7 Яна ж пайшла і сказала пра гэта чалавеку Божаму. І ён сказаў ёй: «Ідзі, прадай алей і вярні доўг пазычальніку свайму; а ты і сыны твае жывіце з таго, што засталося». 8 А сталася аднаго дня, што Элісей праходзіў праз Сунам. Была ж там багатая жанчына, якая затрымала яго, каб паеў хлеба. І, колькі разоў ён там праходзіў, заходзіў да яе падсілкавацца хлебам. 9 Сказала яна мужу свайму: «Я пераканана, што чалавек Божы, які часта праходзіць каля нас, ёсць святы. 10 Такім чынам, падрыхтуем малы пакойчык, абгароджаны сцяною, і паставім у ім для яго ложак, і стол, і ўслончык, і падсвечнік, каб, калі зойдзе да нас, застаўся там». 11 І сталася аднойчы, што зайшоў ён туды, і падняўся ў пакойчык, і там заначаваў. 12 І сказаў ён паслугачу свайму Гэхазі: «Пакліч сунаміцянку гэту». Ён паклікаў яе, і яна стала перад ім, 13 ён сказаў паслугачу: «Скажы ёй: вось, ты так рупліва служыла нам ва ўсім; што хочаш, каб я зрабіў для цябе? Можа, заступіцца за цябе ў якой-небудзь справе перад царом або перад кіраўніком войска?» Яна адказала: «Я жыву паміж свайго народа». 14 І ён працягваў: «Дык што можна зрабіць для яе?» Гэхазі адказаў: «На жаль, яна не мае сына, і муж яе ўжо стары». 15 І ён загадаў: «Пакліч яе!»; калі ён паклікаў яе і яна стала ля дзвярэй, 16 ён сказаў ёй: «У гэты час у наступным годзе будзеш песціць сына». А яна адказала: «О гаспадару мой, чалавек Божы, прашу, не падманвай паслугачкі сваёй». 17 І жанчына пачала і нарадзіла сына ў наступным годзе ў тую самую пару, як прадказаў ёй Элісей. 18 І рос той хлопец; і аднойчы пайшоў ён да свайго бацькі, да жняцоў, 19 і сказаў ён свайму бацьку: «Галава мая! Галава мая!» Бацька ж загадаў слузе: «Забяры яго да яго маці!» 20 Калі забраў яго паслугач і завёў да маці яго, пасадзіла яна яго на калені свае да паўдня, і ён памёр. 21 Яна ж пайшла, і паклала яго ў ложак чалавека Божага, і замкнула за сабой дзверы, і, выйшаўшы, 22 паклікала яна мужа свайго і сказала: «Адпраў са мною, прашу, аднаго з паслугачоў і асліцу, каб пайшла я да чалавека Божага і пасля вярнулася». 23 Ён сказаў ёй: «Чаму ідзеш да яго сёння? Не маладзік жа цяпер, ані субота?» Яна сказала: «Добра». 24 І, асядлаўшы асліцу, сказала свайму слузе: «Вядзі! Паехалі! Не затрымлівайся ў дарозе, пакуль не скажу табе». 25 І паехала, і прыбыла да чалавека Божага на гару Кармэль. І, калі чалавек Божы ўгледзеў яе насупраць, сказаў слузе свайму Гэхазі: «Гэта тая сунаміцянка. 26 Пабяжы насустрач ёй і спытай у яе: “Ці здаровая ты? Ці здаровы муж твой? Ці здаровы сын твой?”» Яна адказала: «Здаровыя». 27 І, калі прыйшла яна на гару да чалавека Божага, абняла ногі яго, а Гэхазі падышоў, каб адпіхнуць яе, і сказаў яму чалавек Божы: «Пакінь яе, бо душа яе ў горы вялікім, а Госпад схаваў гэта ад мяне і не паведаміў мне». 28 Яна яму сказала: «Ці я прасіла ў гаспадара майго сына? Ці ж я табе не казала: “Не падманвай мяне?”» 29 І ён сказаў Гэхазі: «Падперажы сцёгны свае, і вазьмі ў руку сваю кій мой, і ідзі! Калі напаткаеш каго, не вітайся з ім і, калі цябе хто прывітае, не адказвай яму. І пакладзеш кій мой на твар хлопчыка». 30 Але маці хлопца сказала: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе!» Такім чынам, ён устаў і пайшоў з ёю. 31 А Гэхазі апярэдзіў іх, і паклаў кій на твар хлопца, і не было ані голасу, ані знака жыцця; і Гэхазі пайшоў насустрач яму, і паведаміў яму, кажучы: «Хлопец не прачнуўся». 32 Такім чынам, увайшоў Элісей у дом, і, вось, хлопец ляжаў мёртвы на ложку яго; 33 і ўвайшоў ён, і замкнуў дзверы за сабою, і маліў Госпада. 34 І падышоў, і лёг на хлопца, і прытуліў вусны свае да вуснаў хлопца, і вочы свае — да яго вачэй, і рукі свае — да яго рук, і прытуліўся да яго, і сагрэлася цела хлопца. 35 А ён зноў хадзіў па доме ўзад і ўперад, і вярнуўся назад, і прытуліўся да яго, і хлопец чхнуў сем разоў і расплюшчыў вочы. 36 І паклікаў ён Гэхазі, і сказаў яму: «Пакліч сунаміцянку гэту». Той паклікаў яе, і яна ўвайшла да яго. Ён сказаў: «Вазьмі сына свайго». 37 Яна ўвайшла, і ўпала да ног яго, і пакланілася да зямлі, і ўзяла сына свайго і выйшла. 38 І Элісей вярнуўся ў Галгал. Быў жа голад у той зямлі, і сыны прарокаў сядзелі пры ім. І ён сказаў слузе свайму: «Пастаў вялікі кацёл і звары поліўку для сыноў прарокаў». 39 І выйшаў адзін з іх на поле назбіраць зеляніны; і знайшоў ён дзікую расліну павітуху, і назбіраў з яе дзікіх пладоў. І напоўніў імі плашч свой, і вярнуўся ён, і накідаў іх у кацёл з поліўкай; а ён не ведаў, што гэта была за расліна. 40 І налілі людзям есці. І калі яны пакаштавалі стравы, закрычалі ўголас: «Смерць у катле, чалавеча Божы!» І не маглі есці. 41 І ён сказаў: «Прынясіце мукі». І насыпаў ён яе ў кацёл, і сказаў: «Налі людзям, і хай ядуць». І ўжо ў катле не было нічога атрутнага. 42 І прыйшоў нейкі чалавек з Баал-Саліса, і прынёс чалавеку Божаму хлеб з пяршыняў: дваццаць хлябоў ячменных ды свежае збожжа ў сваім мяху. І загадаў Элісей: «Дай людзям, і хай яны ядуць». 43 Але паслугач яго адказаў: «Як я пакладу гэта сотні людзей?» А ён сказаў: «Дай людзям, і хай ядуць. Бо так загадаў Госпад: “Ежце, і застанецца яшчэ”». 44 Такім чынам, ён падаў ім, і яны наеліся, і яшчэ засталося паводле слова Госпада. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)