4 ЦАРСТВАЎ 25 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А сталася на дзявяты год яго царавання, у дзесятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, што прыйшоў сам Набукаданосар, цар Бабілона, і усё войска яго супраць Ерузаліма; і абклаў яго, і збудаваў вакол яго валы. 2 І горад быў у аблозе і абнесены валамі аж да адзінаццатага года цара Сэдэцыі. 3 У чацвёртым месяцы дзевятага дня пачаўся голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народа зямлі. 4 І быў прарыў у горадзе, і ноччу ўсе ваяры ўцяклі і выйшлі з горада па дарозе брамы, што між мурамі каля царскага саду, калі халдэі былі вакол горада. Такім чынам, выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы. 5 І войска халдэяў кінулася ў пагоню за царом, і дагналі яго на раўніне каля Ерыхона, і ўсё войска яго рассыпалася, і пакінула яно яго. 6 І схапілі цара, і прывялі да цара Бабілона ў Рэблу, які выдаў на яго прысуд. 7 І забіў сыноў Сэдэцыі на яго вачах, і яму вырваў вочы, і закаваў яго ў медныя кайданы, і адвёў у Бабілон. 8 У пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, а гэта быў дзевятнаццаты год Набукаданосара, цара Бабілонскага, увайшоў у Ерузалім Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, паслугач цара Бабілона, 9 і спаліў ён дом Госпада, і палац цара, і ўсе дамы ў Ерузаліме, і кожны дом спаліў агнём. 10 А войска халдэйскае, якое было разам з кіраўніком целаахоўнікаў, разбурыла муры вакол Ерузаліма. 11 А рэшту народа, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да цара Бабілона, а таксама простых людзей Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, перасяліў; 12 і з бедных людзей зямлі ён пакінуў толькі вінаградараў і земляробаў. 13 І паламалі халдэі медныя слупы, якія былі ў святыні Госпада, і падножжы, і меднае мора, якое было ў доме Госпада, і забралі ўсю медзь у Бабілон; 14 таксама забралі катлы, і лапаткі, і нажы, і чары, і ўвесь медны посуд, якім карысталіся пры служэнні; 15 кіраўнік целаахоўнікаў забраў таксама курыльніцы для духмянасцей, і келіхі, якія былі з найчысцейшага золата і срэбра; 16 медзь з двух слупоў, аднаго мора і падножжаў, якія Саламон зрабіў для святыні Госпада, — нельга было ўзважыць усе гэтыя рэчы. 17 Васемнаццаць локцяў меў у вышыню адзін слуп, і капітэль над ім была з медзі вышынёю пяць локцяў; і вакол на капітэлі была сетка і яблыкі граната, — усё з медзі; і другі слуп меў таксама падобнае ўпрыгожванне. 18 Кіраўнік целаахоўнікаў узяў таксама Сараю, першасвятара, і яго намесніка Сафонію, а таксама трох прыдзвернікаў, 19 і з горада ўзяў ён аднаго еўнуха, які быў кіраўніком войска, і пяць чалавек з атачэння цара, якіх знайшоў у горадзе, і галоўнага пісара войска, які запісваў у войска народ зямлі, і шэсцьдзесят простых людзей, што былі ў горадзе; 20 узяў іх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і завёў да цара Бабілона ў Рэблу, 21 і цар Бабілона ўдарыў іх, і забіў у Рэблі, у зямлі Эмат. І быў Юда выселены са сваёй зямлі. 22 А над народам, што застаўся ў зямлі Юдэі, які пакінуў Набукаданосар, цар Бабілона, паставіў кіраўніком Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана. 23 Калі ўсе кіраўнікі войска і іх людзі даведаліся аб тым, што цар Бабілона прызначыў Гадалію кіраўніком, прыбылі да Гадаліі ў Міцпу: прыйшлі Ізмаэль, сын Натаніі, і Ёханан, сын Карэя, і Сарая, сын Тангумэта з Нэтофы, і Язанія, сын Маахатыта, яны і людзі іх. 24 І пакляўся Гадалія ім і людзям іх, кажучы: «Не бойцеся служыць халдэям; жывіце на зямлі і служыце цару Бабілона, і добра будзе вам». 25 Але сталася ў сёмы месяц, што прыйшоў Ізмаэль, сын Натаніі, сына Элісамы, з царскага роду, і з ім дзесяць чалавек; і забілі яны Гадалію, які памёр, а таксама юдэяў і халдэяў, якія былі з ім у Міцпе. 26 І ўстаў народ, ад малога да вялікага, і кіраўнікі войска, і пайшлі ў Егіпет, бо баяліся халдэяў. 27 А сталася ў трыццаць сёмым годзе па высяленні ў няволю Ёахіна, цара Юдэі, у дванаццаты месяц, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэрадах, цар Бабілона, у год, у які пачаў цараваць, вызваліў Ёахіна, цара Юдэі, з вязніцы. 28 І ён гаварыў з ім ласкава, і падняў яго пасад па-над пасадамі цароў, якія былі з ім у Бабілоне, 29 і зняў Ёахін шаты свае астрожныя; і еў заўсёды хлеб перад царом ва ўсе дні жыцця свайго. 30 Таксама той забяспечыў яму пастаянныя харчы, якія выдаваліся яму царом дзень у дзень, ува ўсе дні жыцця яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)