Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

4 ЦАРСТВАЎ 20 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У тыя дні Эзэкія захварэў смяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Упарадкуй дом свой, бо памрэш і не будзеш жыць”».

2 Ён адвярнуў свой твар да сцяны і маліўся да Госпада, кажучы:

3 «О Госпадзе! Узгадай, як я хадзіў перад Табою верна і са шчырым сэрцам, і рабіў тое, што міла Табе». І заплакаў Эзэкія ўголас.

4 І перад тым як Ісая дайшоў да сярэдзіны пакоя, прамовіў да яго Госпад, кажучы:

5 «Вярніся і скажы Эзэкіі, валадару народа Майго: “Гэта кажа Госпад, Бог Давіда, бацькі твайго: “Пачуў Я малітву тваю, убачыў слёзы твае, і, вось, Я аздараўлю цябе, і на трэці дзень ты пойдзеш у святыню Госпада.

6 І Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў; і вызвалю з рукі цара асірыйцаў цябе і горад гэты, і вазьму пад апеку горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, паслугача Майго”».

7 І сказаў Ісая: «Вазьміце кавалак фігавы». Калі ўзялі яго, і паклалі на яго нарыў, ён ачуняў.

8 І сказаў Эзэкія Ісаі: «Што за знак будзе, што Госпад аздаровіць мяне і што на трэці дзень я пайду ў святыню Госпада?»

9 Ісая сказаў яму: «Такі будзе табе знак ад Госпада, што Госпад споўніць слова, якое Ён сказаў: жадаеш, каб цень прайшоў наперад на дзесяць ступеней ці каб ён адступіўся на дзесяць ступеней?»

10 І Эзэкія сказаў: «Лёгка для ценю прайсці наперад на дзесяць ступеней, і не хачу, каб здарылася гэтак, але хай цень вернецца назад на дзесяць ступеней!»

11 І прызваў прарок Ісая Госпада, і Ён перасунуў цень на ступенях, па якіх ужо спускаўся Ахаз, назад на дзесяць ступеней.

12 У той час Мерадахбаладан, сын Баладана, цар Бабілона, паслаў лісты і падарункі Эзэкіі; бо даведаўся, што ён захварэў.

13 І цешыўся Эзэкія з-за іх прыбыцця, і паказаў ім увесь скарб скарбоўніцы сваёй: срэбра і золата, вострыя духмяныя прыправы і найлепшы алей, і ўсю колькасць посуду свайго, і ўсё, што знаходзілася ў яго скарбоўніцах; не засталося ніводнай рэчы, якой бы Эзэкія не паказаў ім у палацы сваім і ва ўсёй маёмасці сваёй.

14 І прыйшоў да цара Эзэкіі прарок Ісая і сказаў яму: «Што казалі тыя людзі і адкуль прыбылі яны да цябе?» Эзэкія сказаў яму: «З далёкай зямлі прыбылі яны, з Бабілона».

15 А той спытаўся: «Што бачылі яны ў доме тваім?» Эзэкія адказаў: «Усё, што ёсць у доме маім, бачылі яны; не было ніводнай рэчы, якой бы я не паказаў ім з каштоўнасцей сваіх».

16 Тады Ісая сказаў Эзэкіі: «Паслухай слова Госпада:

17 “Вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ў палацы тваім і што сабралі бацькі твае аж да гэтага дня, забяруць у Бабілон; не застанецца нічога, — кажа Госпад. —

18 Таксама і дзяцей тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, забяруць, і стануць яны еўнухамі ў палацы цара Бабілона”».

19 Сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова Госпада, якое ты сказаў». І падумаў: «Будзе супакой і бяспека, прынамсі, у мае дні».

20 А іншыя дзеянні Эзэкіі, і ўся мужнасць яго, і як ён выкапаў студню і канал, і ўвёў воды ў горад, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?

21 І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пасля яго цараваў Манаса, сын яго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы