Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

4 ЦАРСТВАЎ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Здарылася ж, што калі Госпад хацеў узяць Іллю на неба ў віхуры, ішлі Ілля і Элісей з Галгала,

2 і сказаў Ілля Элісею: «Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне аж у Бэтэль». Элісей адказаў яму: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». І прыйшлі яны ў Бэтэль,

3 і выйшлі сыны прарокаў, якія былі ў Бэтэлі, да Элісея і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёння забярэ Госпад гаспадара твайго па-над галавой тваёй?» Ён адказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце».

4 І сказаў яму Ілля: «Элісей, застанься тут, бо Госпад паслаў мяне ў Ерыхон». Але ён адказаў: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». Калі прыйшлі яны ў Ерыхон,

5 падышлі сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне, да Элісея і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёння забярэ Госпад гаспадара твайго па-над галавой тваёй?» Ён кажа: «Ведаю, а вы маўчыце!»

6 І сказаў яму Ілля: «Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне да Ярдана». Ён кажа: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». Дык пайшлі яны абодва разам,

7 і пяцьдзесят чалавек з сыноў прарокаў пайшлі, і сталі насупраць паводдаль. А яны абодва стаялі каля Ярдана.

8 Тады Ілля зняў плашч свой, і скруціў яго, і ўдарыў ім па вадзе, якая раздзялілася ў адзін і ў другі бок, і перайшлі абодва па сухому.

9 І, калі перайшлі, Ілля сказаў Элісею: «Прасі, чаго хочаш, каб я зрабіў табе, пакуль не буду забраны ад цябе». А Элісей сказаў: «Прашу, хай дух, які ў табе, будзе на мне ўдвая!»

10 Ён адказаў: «Цяжкога ты просіш. Калі, аднак, убачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, будзе табе тое, пра што просіш; а калі не ўбачыш, — не будзе».

11 І, калі яны ішлі і, ідучы, размаўлялі, раптам з’явілася агністая калясніца і агністыя коні і раздзялілі абодвух, і Ілля ў віхуры падняўся на неба.

12 А Элісей глядзеў і крычаў: «Айцец мой! Айцец мой! Калясніца Ізраэля і коннік яго». І болей яго ўжо не бачыў, і, схапіўшы шаты свае, раздзёр іх на дзве часткі.

13 Потым падняў ён плашч Іллі, які зваліўся з яго, і вярнуўся і стаў на беразе Ярдана.

14 І плашчом Іллі, які зваліўся з яго, ударыў па вадзе і сказаў: «Дзе зараз Госпад, Бог Іллі?» І ўдарыў па вадзе, і яна раздзялілася туды і сюды, і Элісей перайшоў.

15 І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне насупраць, і сказалі: «Дух Іллі супачыў на Элісеі». І прыйшлі насустрач яму, і пакланіліся яму, упаўшы тварам на зямлю,

16 і сказалі яму: «Вось паміж паслугачоў тваіх знаходзяцца пяцьдзесят мужных чалавек, якія могуць пайсці і пашукаць гаспадара твайго, ці, часам, не падняў яго Дух Госпадаў і не спусціў на адной з гор або ў якой лагчыне». Ён сказаў: «Не пасылайце!»

17 А яны вымушалі яго, пакуль не надакучылі так, што Элісей сказаў: «Пасылайце». І паслалі яны пяцьдзесят чалавек. Паколькі яны шукалі Іллю тры дні і не знайшлі,

18 то вярнуліся да яго. А ён быў у Ерыхоне і сказаў ім: «Ці ж не казаў я вам: “Не ідзіце”»?

19 Таксама сказалі жыхары горада Элісею: «Вось, месца гэтага горада вельмі добрае, як сам ты, гаспадару, бачыш; але вада вельмі дрэнная і зямля не дае пладоў».

20 А ён сказаў: «Прынясіце мне новую місу і ўкіньце ў яе солі». Калі яны прынеслі яму,

21 ён пайшоў да крыніцы вады, укінуў у яе соль і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Аздаравіў Я ваду гэтую, і не будзе ў ёй больш ані смерці, ані неўрадлівасці”».

22 Такім чынам, аздароўлена была вада аж да сёння паводле слова Элісея, якое ён сказаў.

23 Адтуль жа пайшоў ён у Бэтэль. Калі ж ішоў ён дарогаю, малыя хлопцы выбеглі з горада і смяяліся з яго пагардліва, кажучы: «Ідзі, лысы; ідзі, лысы!»

24 Калі ён аглянуўся, убачыў іх і пракляў іх у імя Госпада; і выйшлі дзве мядзведзіцы з лесу, і разарвалі з іх сорак два хлопцы.

25 Адтуль жа пайшоў ён на гару Кармэль і адтуль вярнуўся ў Самарыю.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы