4 ЦАРСТВАЎ 17 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 На дванаццаты год Ахаза, цара Юдэі, Осія, сын Элы, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на дзевяць гадоў. 2 І дапускаўся ён таго, што ліхім было перад Госпадам, але не так, як цары Ізраэля, якія былі перад ім. 3 Выйшаў супраць яго Салманасар, цар асірыйцаў; і Осія падпарадкаваўся яму і плаціў яму даніну. 4 Але цар асірыйцаў выкрыў, што Осія думае паўстаць, бо ён паслаў вестуноў да Суа, цара Егіпецкага, і перастаў перасылаць даніну цару асірыйцаў, як кожны год звычайна рабіў; схапіў ён яго і, звязанага, замкнуў у вязніцы. 5 І прайшоў ён усю краіну, і, прыйшоўшы пад Самарыю, абклаў яе на тры гады. 6 На дзевяты год Осіі, цар асірыйцаў здабыў Самарыю і перасяліў Ізраэль у Асур, і пасяліў іх у Гале, і ў Габоры каля ракі Газан, і ў гарадах мідзян. 7 Бо сталася гэта, калі сыны Ізраэля грашылі перад Госпадам, Богам сваім, Які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, з рукі фараона, цара Егіпта: яны пакланяліся багам чужым. 8 І сталі хадзіць па звычаях народаў, якіх прагнаў Госпад перад сынамі Ізраэля, і цароў Ізраэля, якія рабілі тое самае. 9 І зневажалі сыны Ізраэля ўчынкамі ліхімі Госпада, Бога свайго, і пабудавалі сабе ўзгоркі ва ўсіх гарадах сваіх, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага горада. 10 І паставілі яны сабе слупы і выявы на кожным высокім узгорку і пад кожным зялёным дрэвам. 11 І кадзілі яны там на ўсіх узгорках, як народы, якіх Госпад прагнаў перад абліччам іх, і дапускаліся найгоршых учынкаў, прагняўляючы Госпада, 12 і служылі паганым ідалам, пра якіх Госпад гаварыў ім, каб не рабілі гэтага. 13 І перасцярог Госпад Ізраэль і Юдэю праз усіх Сваіх прарокаў ды ўсіх прадказальнікаў, напамінаючы: «Звярніце з дарог сваіх найгоршых і пільнуйце прыказанні Мае і пастановы паводле ўсяго закону, які Я даў бацькам вашым і які паслаў вам праз паслугачоў Сваіх, прарокаў». 14 Яны не паслухалі, але цвёрдым зрабілі карак свой, як карак бацькоў іх, якія не захацелі верыць Госпаду, Богу свайму. 15 І адкінулі яны прыказанні Яго і запавет, які Ён заключыў з бацькамі іх, і сведчанні, якімі Ён звязаў іх, і пайшлі за марнасцямі і агіднасцю, і пайшлі за народамі, якія былі навокал іх, пра якіх загадаў ім Госпад, каб не рабілі яны так, як тыя рабілі. 16 І занядбалі яны ўсе прыказанні Госпада, Бога свайго, і зрабілі сабе двух літых цяльцоў, і слуп, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Баалу, 17 і пасвячалі сыноў сваіх і дачок сваіх праз агонь; і займаліся варажбою і чарамі, і дапускаліся таго, што чынілі ліхое перад Госпадам і прагняўлялі Яго. 18 І моцна загневаўся Госпад на Ізраэль, і адкінуў іх ад Свайго аблічча, і нікога не засталося, толькі адно пакаленне Юды. 19 Але і сама Юдэя не пільнавала прыказанняў Госпада, Бога свайго; а хадзіла ў грахах ізраэльцаў, як яны рабілі. 20 Тады Госпад адкінуў усё пакаленне Ізраэля, і вынішчыў іх, і аддаў у рукі рабаўнікоў, аж пакуль зусім не адкінуў іх ад Свайго аблічча ўжо з таго часу, 21 калі Ізраэль адарваўся ад дому Давіда, і выбраў сабе царом Ерабаама, сына Набата; бо Ерабаам адарваў Ізраэль ад Госпада і дазволіў ім грашыць грахом вялікім. 22 І сыны Ізраэля хадзілі ва ўсіх грахах Ерабаама, якіх ён дапускаўся; не пакідалі іх, 23 аж пакуль Госпад не адкінуў Ізраэль ад Свайго аблічча, як прадказаў праз усіх паслугачоў Сваіх, прарокаў. І перасяліў Ён Ізраэль з яго зямлі ў Асур аж да гэтага дня. 24 А цар асірыйцаў перасяліў людзей з Бабілона, і з Куты, і з Авы, і з Эмата, і з Сэпарваіма, і пасяліў іх у гарадах Самарыі замест сыноў Ізраэля, яны прыйшлі ў Самарыю і абжыліся ў яе гарадах. 25 І, калі яны там спачатку абжыліся, яны не баяліся Госпада. І Госпад напусціў на іх ільвоў, якія забівалі іх. 26 І паведамлена было цару асірыйцаў: «Народы, якія ты перасяліў і прымусіў жыць у гарадах Самарыі, не ведаюць законы Бога той зямлі; і Ён напусціў на іх ільвоў, і вось, яны забіваюць іх, бо яны не ведаюць законы Бога той зямлі». 27 А цар асірыйцаў загадаў, кажучы: «Завядзіце туды аднаго са святароў, якіх адтуль забралі ў няволю, і хай ён ідзе і жыве з імі, і хай вучыць іх законам Бога той зямлі». 28 Такім чынам, калі адзін з тых святароў, якіх забралі ў няволю з Самарыі, абжыўся ў Бэтэлі, ён вучыў іх, як яны маюць пакланяцца Госпаду. 29 І кожны народ зрабіў свайго бога; і паставілі іх у святынях на ўзгорках, якія пабудавалі самаране; кожны народ у сваім горадзе, дзе пражываў. 30 Бо так людзі з Бабілона зрабілі Сакот-Бэнота, а людзі з Куты зрабілі Нэргала, і людзі з Эмата — Ашыму; 31 а гевеі зрабілі Нэбхаза і Тартака, а сэпарваімцы палілі агнём дзяцей сваіх на хвалу Адрамэлеха і Анамэлеха, багоў Сэпарваіма. 32 І ўсё ж служылі яны Госпаду. А спаміж сваіх зрабілі яны сабе святароў на ўзгорках, і паставілі іх у храмах на ўзгорках; 33 і калі служылі яны Госпаду, то таксама служылі багам сваім па звычаі тых народаў, ад якіх былі яны пераселеныя ў Самарыю. 34 Аж да сённяшняга дня робяць яны па старым звычаі: не баяцца Госпада і не пільнуюць пастаноў, і прыказанняў, і закону, і загаду, якія даў Госпад сынам Якуба, якога назваў Ізраэлем. 35 І заключыў Госпад з імі запавет і загадаў ім, кажучы: «Не ўслаўляйце багоў чужых, і не пакланяйцеся ім, і не служыце ім, і не складайце ахвяраў ім, 36 але Госпада, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай сілай вялікаю і рукой магутнаю, Яго бойцеся, Яго ўслаўляйце і Яму ахвяры складайце. 37 Таксама пастановы, і загады, і закон, і прыказанні, якія Ён напісаў вам, пільнуйце, каб спаўняць гэта ва ўсе дні; і чужых багоў не бойцеся. 38 І не забывайцеся пра запавет, які Я заключыў з вамі, і не бойцеся чужых багоў, 39 але Госпада, Бога вашага, бойцеся, і Ён выратуе вас з рук усіх ворагаў вашых». 40 Але яны не паслухалі, а рабілі ўсё па даўнейшым сваім звычаі. 41 Такім чынам, гэтыя народы баяліся Госпада, але ўсё ж служылі ідалам сваім; бо і дзеці іх, і дзеці дзяцей іх робяць так, як бацькі іх, аж да сённяшняга дня. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)