Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

4 ЦАРСТВАЎ 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 А ў Самарыі было семдзесят сыноў Ахаба. Дык Егу напісаў ліст і выслаў яго ў Самарыю да магнатаў горада, і да старэйшын, і да апекуноў дзяцей Ахаба з гэтымі словамі:

2 «Зараз жа, як атрымаеце ліст гэты, то, як вы маеце дзяцей гаспадара вашага, і калясніцы, і коней, і горад умацаваны, і зброю,

3 дык выберыце найлепшага і найсправядлівейшага з сыноў гаспадара вашага і пасадзіце яго на пасад бацькі яго, і ваюйце за дом гаспадара вашага».

4 Яны спалохаліся вельмі і казалі: «Вось, два цары не змаглі ўстаяць перад ім, і як жа мы зможам супрацівіцца яму?»

5 Такім чынам, загадчык дому, і кіраўнікі горада, і старэйшыны, і апекуны сказалі Егу: «Мы паслугачы твае: усё, што ты загадаеш, — зробім, і не будзем выбіраць цара; што табе падабаецца — рабі».

6 І Егу напісаў ім другі ліст такога зместу: «Калі вы мае і слухаеце мяне, то вазьміце галовы сыноў гаспадара вашага і прыйдзіце да мяне заўтра ў той самы час у Езрагэль». А сыны цара, семдзесят чалавек, былі на выхаванні ў магнатаў горада.

7 І калі ліст гэты прыйшоў да іх, яны ўзялі сыноў цара, семдзесят чалавек, і забілі, і галовы іх склалі ў кошыкі, і паслалі да яго ў Езрагэль.

8 І прыйшоў вястун і паведаміў яму, кажучы: «Прынеслі галовы сыноў царскіх». Ён адказаў: «Пакладзіце іх у дзве кучы ля ўваходу ў браму аж да раніцы».

9 І калі развіднела, выйшаў ён і, стоячы, прамовіў да ўсяго народа: «Вы не вінаваты; вось, я паўстаў супраць гаспадара майго і забіў яго, а хто забіў усіх гэтых?

10 Дык ведайце цяпер, што нішто не прапала са слоў Госпада, якія выказаў Ён супраць дому Ахаба, і Госпад здзейсніў тое, што сказаў праз паслугача Свайго Іллю».

11 І пазабіваў Егу ўсіх, хто застаўся з дому Ахаба ў Езрагэлі, і ўсіх яго магнатаў, і давераных, і святароў, так што не застаўся з іх ніводзін.

12 І ўстаў і пайшоў. Потым ён прыйшоў у Самарыю; і калі ён быў у дарозе каля Бэт-Экед-Гераім,

13 сустрэў братоў Ахазіі, цара Юдэі, і сказаў ім: «Хто вы?» А яны адказалі: «Мы браты Ахазіі, і мы прыйшлі прывітаць сыноў цара і сыноў гаспадыні царыцы».

14 А ён загадаў: «Схапіце іх жывымі!» І калі схапілі іх жывымі, забілі іх каля Бэтэкеда, сорак два чалавекі, і ён не пашкадаваў з іх ні аднаго.

15 І калі адтуль пайшоў Егу, ён напаткаў Ёнадаба, сына Рэхаба, які выйшаў яму насустрач, і прывітаў яго: «Ці тваё сэрца шчырае да мяне, як маё сэрца да цябе?» І Ёнадаб сказаў: «Так». «Калі так, — кажа Егу, — дай мне руку сваю». І Ёнадаб даў яму руку сваю. А ён пасадзіў яго да сябе ў калясніцу

16 і сказаў яму: «Ідзі са мной і пабач маю руплівасць дзеля Госпада». І ехаў ён з ім на калясніцы яго ў Самарыю.

17 І ў Самарыі пазабіваў ён усіх, якія засталіся з дому Ахаба ў Самарыі, аж да апошняга чалавека, па слове Госпада, сказанаму праз Іллю.

18 І сабраў Егу ўвесь народ і сказаў яму: «Ахаб мала служыў Баалу, Егу будзе яму служыць болей.

19 Такім чынам, паклічце ўсіх прарокаў Баала, і ўсіх, хто служыць яму, і ўсіх яго святароў да мяне; кожны мусіць прыйсці. Бо маю скласці вялікую ахвяру Баалу, хто не прыйдзе, не будзе жыць». А Егу рабіў гэта падступна, каб знішчыць усіх служыцеляў Баала.

20 І аб’явіў Егу: «Святкуйце ўрачыстасць Баала». І абвясцілі свята.

21 І паслаў Егу вестуноў ва ўсе межы Ізраэля, і прыбылі ўсе, хто служыў Баалу; не застаўся ніводзін, хто б не прыйшоў. І сабраліся яны ў храме Баала, і быў запоўнены дом Баала ад уваходу да ўваходу.

22 І сказаў ён загадчыку шатаў: «Вынесі адзенне для ўсіх служыцеляў Баала». І ён вынес ім адзенне.

23 Тады Егу і Ёнадаб, сын Рэхаба, увайшлі ў святыню Баала, і Егу сказаў служыцелям Баала: «Перашукайце і перагледзьце, ці няма тут часам з вамі служыцеля Госпада, але каб былі толькі служыцелі Баала».

24 Такім чынам, увайшлі яны, каб скласці ахвяры і цэласпаленні; а Егу паставіў ля сябе звонку восемдзесят чалавек і сказаў ім: «Хто дазволіць уцячы аднаму з гэтых людзей, якіх я прывяду ў вашы рукі, сваёй душой заплаціць за тую душу».

25 І сталася: калі скончылася цэласпаленне, Егу загадаў сваім пасланцам і кіраўнікам: «Ідзіце і забіце іх; хай ніводзін не ўцячэ!» І пазабівалі іх пасланцы і кіраўнікі вастрыём меча, і кінулі трупы іх. Затым увайшлі ў свяцілішча храма Баала.

26 І ўзялі яны слуп Баала, і разбілі яго.

27 Таксама зруйнавалі храм Баала і замянілі яго на месца нячыстае аж да сённяшняга дня.

28 І знішчыў Егу Баала ў Ізраэлі.

29 Але не адступіў Егу ад грахоў Ерабаама, сына Набата, у якія той уцягнуў Ізраэль; і не адкінуў ён залатых цяльцоў, якія былі ў Бэтэлі і Дане.

30 А Госпад сказаў Егу: «За тое, што ты старанна выканаў тое, што добрае ў вачах Маіх, і ўсё, што было ў сэрцы Маім адносна дому Ахаба, сыны твае будуць сядзець на пасадзе Ізраэля аж да чацвёртага пакалення».

31 Але Егу не пільнаваў, каб хадзіць у законе Госпада, Бога Ізраэля, усім сэрцам сваім; бо не адступіў ён ад грахоў Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраэль.

32 У тыя дні пачаў Госпад раздзіраць Ізраэль; і пабіў іх Газаэль ва ўсіх межах Ізраэля,

33 ад Ярдана на ўсход сонца, усю зямлю Галаад, і Гад, і Рубэн, і Манасу, ад Араэра, што над ручаём Арнон, і Галаад, і Басан.

34 А іншыя дзеянні Егу, і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

35 І супачыў Егу з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі; і па ім цараваў сын яго Ёахаз.

36 Час жа царавання Егу над Ізраэлем у Самарыі — дваццаць восем гадоў.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы