3 ЦАРСТВАЎ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Сталася ж пасля таго, як Саламон скончыў будаваць святыню Госпада і палац царскі, і ўсё, што задумаў і хацеў зрабіць, 2 з’явіўся яму Госпад другі раз, як з’яўляўся Ён яму ў Габаоне. 3 І сказаў Госпад яму: «Я выслухаў малітву тваю і просьбу тваю, якімі ты маліўся перада Мною; і Я асвяціў святыню гэтую, якую ты пабудаваў, каб прабывала Імя Маё там вечна; і будуць там вочы Мае і сэрца Маё ва ўсе дні. 4 Таксама ты, калі будзеш хадзіць перада Мной, як хадзіў Давід, бацька твой, у чысціні сэрца і ў справядлівасці, і будзеш спаўняць усё, што Я загадаў табе, і, калі захаваеш законы Мае і прыказанні Мае, 5 Я пастаўлю пасад царства твайго над Ізраэлем навекі, як Я абяцаў Давіду, бацьку твайму, кажучы: “Не будзе адкінуты ад пасада Ізраэля нашчадак з роду твайго”. 6 А калі адвернецеся ад Мяне ў адступніцтве вы і дзеці вашыя, не слухаючы Мяне і не захоўваючы прыказанні Мае і пастановы Мае, якія Я даў вам, але пойдзеце, і будзеце пакланяцца чужым багам, і служыць ім, 7 то Я змяту Ізраэль з паверхні зямлі, якую Я даў ім, і святыню, якую Я асвяціў дзеля імя Майго, адкіну з вачэй Сваіх; і станецца Ізраэль у прыказку і ў казку ўсім народам, 8 і святыня гэтая будзе зруйнаваная. Кожны, хто пройдзе каля яе, задзівіцца, і прысвісне, і скажа: “Чаму Госпад зрабіў гэта зямлі гэтай і дому гэтаму?” 9 І адкажуць: “Бо яны пакінулі Госпада, Бога свайго, Які вывеў бацькоў іх з зямлі Егіпецкай, і яны пайшлі за чужымі багамі, і пакланяліся ім; дзеля таго Госпад навёў на іх усё гэтае ліха”». 10 А па дваццаці гадах, пасля таго як Саламон збудаваў два дамы, — гэта значыць святыню Госпада і палац царскі, — 11 калі Гірам, цар Тыра, дастаўляў Саламону дрэва кедравае і кіпарысавае, і золата на ўсё, што патрабавала будаўніцтва, — тады цар Саламон даў Гіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай. 12 І выйшаў Гірам з Тыра паглядзець гарады, якія даў яму Саламон, і не спадабаліся яны яму; 13 і сказаў ён: «Што гэта за гарады, якія ты мне даў, браце?» І назваў ён іх зямлёй Кабул, і так яны называюцца да гэтага дня. 14 І паслаў Гірам цару сто дваццаць талентаў золата. 15 Гэта велічыня падатку, які ўстанавіў цар Саламон на пабудову святыні Госпада, і свайго палаца, і Мэло, і мура ерузалімскага, і Асора, і Мэгіды, і Газэра. 16 Фараон, цар Егіпта, калісьці напаў і здабыў Газэр і спаліў яго агнём, а хананеяў, жыхароў горада, забіў. І аддаў гэты горад у пасаг дачцэ сваёй, жонцы Саламона. 17 Саламон адбудаваў Газэр і Ніжні Бэтарон, 18 Баалат, і Тамар у пустыні, 19 і ўсе гарады для свірнаў, што да яго належаць, і гарады для калясніц, і гарады для коней, і ўсё, што яму падабалася; каб будаваць у Ерузаліме, і ў Лібане, і ўва ўсёй зямлі, што яму належыць. 20 Увесь народ, які застаўся ад амарэяў, і хетэяў, і феразеяў, і гівеяў, і евусеяў, якія не былі ізраэльцамі, 21 дзяцей іх, якія засталіся пасля іх на зямлі, — гэта значыць тых, якіх сыны Ізраэля не змаглі знішчыць, — Саламон зрабіў даннікамі да гэтага дня. 22 А з ізраэльцаў Саламон не зрабіў нікога нявольнікам, але былі яны ваярамі, і паслугачамі яго, і кіраўнікамі, і ратнікамі яго, і кіраўнікамі калясніц і коннікаў. 23 А кіраўнікамі над імі былі тыя, хто быў назначаны над усімі работамі Саламона, пяцьсот пяцьдзесят чалавек; яны наглядалі за людзьмі і кіравалі вызначанымі работамі. 24 А дачка фараона выйшла з горада Давідава ў свой дом, які пабудаваў ёй Саламон; тады ён пабудаваў Мэло. 25 Таксама тры разы ў год Саламон ускладаў ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння на ахвярнік, які ён збудаваў для Госпада, і кадзіў перад Госпадам, і была скончана святыня. 26 І пабудаваў цар Саламон караблі ў Эцыён-Гебэры каля Айлата, на беразе Чырвонага мора ў зямлі Эдом. 27 І на караблі тыя Гірам паслаў паслугачоў сваіх, маракоў, якія ведаюць мора, разам з паслугачамі Саламона. 28 Яны, прыплыўшы ў Афір і ўзяўшы адтуль золата чатырыста дваццаць талентаў, даставілі яго цару Саламону. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)