Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

3 ЦАРСТВАЎ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І цараваў цар Саламон над усім Ізраэлем.

2 І гэта кіраўнікі, якія былі ў яго: Азарыя, сын Садока, святара,

3 Элігарэф і Ахія, сыны Сісы, пісара, Язафат, сын Ахілуда, дзееапісальнік.

4 А Баная, сын Ёяды, быў кіраўніком войска, а Садок і Абіятар — святарамі.

5 Азарыя, сын Натана, — над намеснікамі, Забуд, сын Натана, святар, — прыяцелем цара.

6 Ахісар — кіраўніком над домам, а Аданірам, сын Абды, — над падаткамі.

7 І меў Саламон над усім Ізраэлем дванаццаць намеснікаў, якія рупіліся пра харчы для цара і дому яго; бо кожны з іх дапамагаў неабходным адзін месяц у год.

8 І вось імёны іх: Бэнгур на гары Эфраім;

9 Бэндэкар — у Мацы і ў Салебіме, і ў Бэтсамэсе, і ў Элоне і Бэтанане;

10 Бэнхасэд — у Арубоце, да яго належалі Соха і ўся зямля Хэфэр;

11 Бэнабінадаб, якому належала ўся ваколіца Дора, і ён меў за жонку Тафэт, дачку Саламона;

12 Баана, сын Ахілуда, меў уладу над Танахам, Магедай і над усім Бэт-Санам, што блізка Сартана, ніжэй Езрагэля, ад Бэт-Сана да Абэл-Мэхолы і аж за Екмаам;

13 Бэнгабэр — у Рамоце Галаадскім меў паселішчы Яіра, сына Манасы, у Галаадзе; ён кіраваў усёй ваколіцай Аргоба, што ў Басане, у шасцідзесяці вялікіх гарадах мураваных, якія мелі медныя засаўкі на брамах;

14 Ахінадаб, сын Адо, кіраваў у Маханаіме;

15 Ахімаас — у Нэфталі, але ён таксама ўзяў за жонку Басэмат, дачку Саламона;

16 Баана, сын Хусая, кіраваў у Асэры і ў Балоце;

17 Язафат, сын Паруэ, — у Ісахары;

18 Сямэй, сын Эла, — у Бэньяміне;

19 Гебэр, сын Ура, — у зямлі Галаад, у зямлі Сэгона, цара амарэяў, і Ога, цара Басана, так што быў адзін намеснік на ўсю краіну.

20 Юда і Ізраэль былі шматлікія, як пясок марскі; яны елі і пілі і радаваліся.

21 А Саламон валодаў усім царствам ад Ракі аж да зямлі філістынцаў і аж да мяжы Егіпта; яны прыносілі яму дары і служылі яму ва ўсе дні яго жыцця.

22 А харчаваннем Саламона на кожны дзень было: трыццаць кораў найлепшае мукі і шэсцьдзесят кораў звычайнай мукі,

23 дзесяць кормных валоў і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, за выключэннем палявання на аленяў, сарнаў, і антылопаў, і кормных птушак.

24 Ён бо валодаў усім абшарам на той бок ракі, ад Тапсы да Газы, і ўсімі царамі тых земляў; і меў ён супакой на ўсіх межах сваіх наўкола.

25 І Юдэя і Ізраэль жылі без усякага страху, кожны пад вінаградам сваім і пад дрэвам фігавым сваім ад Дана да Бээр-Сэбы ва ўсе дні Саламона.

26 І меў Саламон чатыры тысячы стайняў для коней да калясніц сваіх і дванаццаць тысяч коннікаў.

27 І назначаныя намеснікі дастаўлялі на стол цара Саламона і яго сатрапезнікаў усё неабходнае з вялікай руплівасцю кожны ў свой месяц.

28 Таксама ячмень і салому для коней і жывёлы дастаўлялі на месца, якое было кожнаму прызначана.

29 Таксама даў Бог Саламону вельмі вялікую мудрасць і разважлівасць, і розум вялікі, як пясок, які на беразе мора.

30 І Саламон мудрасцю сваёю перавышаў мудрасць усіх сыноў Усходу і егіпцян;

31 і быў ён мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы за Этана Эзрахіта, і Гемана, і Халхола, і Дарды, сыноў Махола, і быў слаўны ўва ўсіх навакольных народаў.

32 Таксама расказаў Саламон тры тысячы прыказак, і песень у яго было тысяча пяць.

33 І гаварыў ён пра дрэвы, пачынаючы ад кедра, што ў Лібане, аж да гізопу, што расце на муры; гаварыў таксама пра звяроў, і пра птушак, і пра гадаў паўзучых, і рыбаў.

34 І прыходзілі з усіх народаў паслухаць мудрасці Саламона, ад усіх цароў зямлі, якія чулі пра мудрасць яго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы