Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

3 ЦАРСТВАЎ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І парадніўся Саламон з фараонам, царом Егіпецкім. Бо ўзяў за жонку дачку фараона, і ўвёў яе ў горад Давідаў, пакуль яшчэ не пабудаваў дом сабе, і дом Госпадаў, і муры кругом Ерузаліма.

2 А народ ускладаў ахвяры на ўзгорках, бо не быў пабудаваны дом для імя Госпадавага ў тую пару.

3 А Саламон любіў Госпада і хадзіў паводле загадаў Давіда, бацькі свайго, за выключэннем таго, што складаў ён ахвяры і каджэнні на ўзгорках.

4 Такім чынам, пайшоў цар у Габаон, каб там ускласці ахвяру; бо там быў найвышэйшы ўзгорак. Саламон усклаў на той ахвярнік тысячу цэласпаленняў.

5 У Габаоне з’явіўся Саламону ноччу ў сне Госпад і сказаў яму: «Прасі, што хочаш, і Я дам табе».

6 І Саламон кажа: «Ты аказваў слузе твайму Давіду, бацьку майму, вялікую міласэрнасць, бо ён хадзіў сам перад Табою ў праўдзе і справядлівасці і з праўдзівым сэрцам адносна Цябе; і захаваў Ты яму вялікую Сваю міласэрнасць, і даў яму сына, што сядзіць на пасадзе яго, як гэта ёсць сёння.

7 І вось цяпер, Госпадзе, Божа мой, Ты ўчыніў так, што царуе паслугач твой на месцы Давіда, бацькі майго. Я ж вельмі малады, і не ведаю свайго выхаду і ўваходу;

8 і паслугач Твой між народа, які Ты выбраў, народа вялікага, якога нельга палічыць, ані пералічыць.

9 Дык дай Свайму паслугачу сэрца мудрае, каб мог судзіць народ Твой і адрозніваць, што добрае, а што благое. Бо хто ж можа судзіць гэты шматлікі народ Твой?»

10 І спадабалася Госпаду тое, што прасіў Саламон.

11 І сказаў Бог Саламону: «За тое, што ты выказаў гэтую просьбу і не прасіў для сябе ані доўгага жыцця, ані багацця, ані жыццяў ворагаў тваіх, але прасіў ты сабе мудрасці, каб умець судзіць,

12 Я вось раблю з табою паводле просьбаў тваіх, і Я даю табе сэрца мудрае і разважнае, так што такога, як ты, не было перад табою і не будзе пасля цябе;

13 але Я даю табе і тое, пра што ты не прасіў, гэта значыць, багацце і славу такую, што падобным да цябе не будзе ніхто з цароў ува ўсе дні жыцця твайго.

14 А калі ты будзеш хадзіць дарогамі Маімі і пільнаваць прыказанні Мае і загады Мае, як рабіў гэта Давід, бацька твой, то Я зраблю доўгімі дні твае».

15 Такім чынам, прачнуўся Саламон і зразумеў, што гэта быў сон. І калі прыйшоў ён у Ерузалім, стаў ён перад каўчэгам запавету Госпада, і склаў ахвяры цэласпалення і прынёс ахвяры прымірэння, і зрабіў застолле для ўсіх паслугачоў сваіх.

16 Тады прыйшлі да цара дзве жанчыны-распусніцы і сталі перад ім.

17 І адна з іх кажа: «О гаспадару мой, я і гэтая жанчына жылі ў адным доме, і пры ёй у доме гэтым я нарадзіла;

18 на трэці дзень пасля мяне і яна нарадзіла, і былі мы разам, і, апрача нас дзвюх, нікога іншага з намі ў доме не было.

19 А ноччу памёр сын гэтай жанчыны: бо яна задушыла яго, калі спала.

20 І яна, устаўшы глыбокай ноччу, з-пад боку майго моўчкі ўзяла сына майго, калі паслугачка твая спала, і паклала на сваіх грудзях; а свайго сына, мёртвага, паклала на мае грудзі.

21 І калі я ўстала раніцай, каб пакарміць сына свайго, ён аказаўся мёртвым; а калі пры дзённым святле я больш уважліва да яго прыгледзелася, то зразумела, што не мой гэта сын, якога я нарадзіла».

22 І другая жанчына адказала: «Гэта няпраўда, бо мой сын жыве, а твой памёр». А тая казала: «Ты хлусіш. Гэта твой сын памёр, а мой жыве». І так спрачаліся яны перад царом.

23 Тады сказаў цар: «Гэтая кажа: “Сын мой жыве, а твой сын мёртвы”; і тая адказвае: “Няпраўда, бо твой сын мёртвы, а мой сын жыве”».

24 І загадаў цар: «Прынясіце мне меч!» І калі прынеслі цару меч,

25 загадаў ён: «Падзяліце жывое дзіця на дзве часткі, і дайце адной палову і другой палову».

26 І жанчына, якой сын быў жывы, — бо ўзрушылася сэрца яе дзеля сына яе, — сказала цару: «Прашу, гаспадару, не забівайце яго і жывога аддайце ёй». А другая казала: «Падзяліце, хай не будзе ён ані табе, ані мне».

27 І цар пастанавіў: «Дайце той жывое дзіця і не забівайце яго; яна — маці яго».

28 І пачуў увесь Ізраэль пра гэты суд, як вырашыў цар; і баяліся цара, бо бачылі, што ў ім — мудрасць Божая, каб чыніць суд.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы