Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

3 ЦАРСТВАЎ 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І прамовіў Госпад да Егу, сына Ханані, супраць Баасы гэтыя словы:

2 «За тое, што Я цябе падняў з парахна і паставіў цябе кіраўніком над народам Маім, Ізраэлем, а ты хадзіў дарогай Ерабаама і ўводзіў у грэх народ Мой, Ізраэль, каб Мяне гнявіць грахамі іх,

3 Я адкіну дом Баасы і зраблю з домам тваім тое, што зрабіў з домам Ерабаама, сына Набата.

4 Хто ў Баасы памрэ ў горадзе, таго з’ядуць сабакі, а хто памрэ ў яго на полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя».

5 А іншыя дзеянні Баасы, і ўсё, што ён рабіў, і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

6 Такім чынам, заснуў Бааса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Тэрсе; і па ім стаў царом сын яго, Эла.

7 Але прамовіў Госпад праз прарока Егу, сына Ханані, супраць Баасы і дому яго дзеля ўсякага зла, якога дапусціўся ён перад Госпадам, гневаючы Яго ўчынкамі рук сваіх, каб здарылася з ім так, як з домам Ерабаама, бо ён загубіў яго.

8 На дваццаць шосты год Асы, цара Юды, Эла, сын Баасы, стаў царом над Ізраэлем у Тэрсе на два гады.

9 І яго паслугач Замбры, кіраўнік над паловаю калясніц, паўстаў супраць яго. А Эла напіўся ў Тэрсе і быў, п’яны, у доме Арсы, загадчыка дому ў Тэрсе,

10 такім чынам, Замбры, напаўшы, ударыў і забіў яго на дваццаць сёмы год Асы, цара Юды, і стаў царом замест яго.

11 І калі ён стаў царом, і сеў на яго пасад, то забіў увесь дом Баасы, і не пакінуў з яго анікога мужчынскага роду, ані сваякоў, ані сяброў яго.

12 І знішчыў Замбры ўвесь род Баасы паводле слова Госпада, як Ён прадказаў Баасе праз Егу, прарока,

13 дзеля ўсіх грахоў Баасы і дзеля грахоў сына яго, Элы, якія грашылі і ўводзілі ў грэх Ізраэль, гневаючы Госпада, Бога Ізраэля, марнасцю сваёю.

14 А іншыя дзеянні Элы, і ўсё, што ён рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

15 На дваццаць сёмы год Асы, цара Юды, цараваў сем дзён у Тэрсе Замбры. А войска абкладвала Габэтон, горад філістынцаў.

16 І калі пачуў увесь Ізраэль, што Замбры паўстаў і забіў цара, то выбраў ён сабе царом Амры, які быў кіраўніком войска ізраэльскага ў той дзень у лагеры.

17 Такім чынам, выйшаў Амры і з ім увесь Ізраэль з-пад Габэтона і абклалі Тэрсу.

18 Замбры, бачачы, што горад здабыты, увайшоў у палац і падпаліў над сабою палац царскі, і сам памёр ад агню

19 ў сваіх грахах, якімі грашыў, чынячы зло перад Госпадам і ходзячы дарогай Ерабаама і ў граху яго, якім ён горшыў Ізраэль.

20 А іншыя дзеянні Замбры і паўстанне, якое зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

21 Тады народ ізраэльскі падзяліўся на дзве часткі: палова народа стаяла за Тэбні, сына Гінэта, каб яго паставіць царом, і другая палова — за Амры.

22 І пераважыў народ, які стаяў за Амры, той, што стаяў за Тэбні, сына Гінэта; і Тэбні памёр, а цараваў Амры.

23 На трыццаць першы год Асы, цара Юды, Амры стаў царом над Ізраэлем на дванаццаць гадоў; у Тэрсе ён цараваў шэсць гадоў.

24 І за два таленты срэбра ён купіў у Самэра гару Самэрон, і забудаваў яе, і горад, які пабудаваў, назваў ад імя гаспадара гары Самэра — Самарыяй.

25 І рабіў Амры ліхоту перад абліччам Госпада, і чыніў зло горш за ўсіх, якія былі перад ім;

26 і хадзіў ён ва ўсім дарогай Ерабаама, сына Набата, і ў граху яго, якім ён уводзіў у грэх Ізраэль, каб гнявіць Госпада, Бога Ізраэля, марнасцю сваёю.

27 А іншыя дзеянні Амры і бітвы яго, якія ён мужна правёў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

28 І заснуў Амры з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі; і па ім цараваў сын яго,

29 Ахаб, сын Амры, стаў царом Ізраэльскім на трыццаць восьмы год Асы, цара Юды, і цараваў Ахаб, сын Амры, над Ізраэлем у Самарыі дваццаць гадоў.

30 І рабіў ліхоту Ахаб, сын Амры, перад абліччам Госпада горш за ўсіх сваіх папярэднікаў.

31 І мала яму было жыць у грахах Ерабаама, сына Набата, звыш таго, ён узяў за жонку Езабэль, дачку Этбаала, цара сідонцаў, і пачаў служыць Баалу і пакланяцца яму.

32 І паставіў ён ахвярнік Баалу ў храме Баала, які пабудаваў у Самарыі,

33 і зрабіў Ахаб ідала. І сваімі ўчынкамі Ахаб гнявіў Госпада, Бога Ізраэля, болей, чым усе цары Ізраэля, якія былі перад ім.

34 У дні яго Гіэль з Бэтэля адбудаваў Ерыхон паводле прадказання Госпада, сказанага праз Ешуа, сына Нуна, і падмуркі яго ён паклаў на сваім першародным, Абіраме, і на сваім наймаладзейшым, Сэгубе, паставіў брамы яго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы