Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

3 ЦАРСТВАЎ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У той час захварэў сын Ерабаама, Абія,

2 і сказаў Ерабаам сваёй жонцы: «Устань і змяні свой выгляд, каб не пазналі, што ты жонка Ерабаама, і ідзі ў Сіло, там ёсць Ахія, прарок, які сказаў мне, што я буду царом над гэтым народам.

3 Дык вазьмі ў руку сваю дзесяць хлябоў, і аладкі, і збан мёду, і ідзі да яго; ён скажа табе, што станецца з хлопцам».

4 І зрабіла жонка Ерабаама, як ён сказаў, і, устаўшы, яна пайшла ў Сіло, і прыбыла ў дом Ахіі, а Ахія не мог бачыць, бо аслеплі вочы яго дзеля старасці.

5 І сказаў Госпад Ахіі: «Вось, прыйдзе жонка Ерабаама, каб параіцца з табою адносна сына свайго, які хварэе; так і так скажаш ёй. Калі ўвойдзе, яна прыкінецца чужынкаю».

6 Дык калі Ахія пачуў шоргат ног яе, калі яна ўваходзіла ў дзверы, сказаў: «Уваходзь, жонка Ерабаама. Чаму ты прыкідваешся іншым чалавекам? Я ж суровы пасланнік для цябе.

7 Ідзі і скажы Ерабааму: “Вось што сказаў Госпад Бог Ізраэля: “За тое, што Я ўзвысіў цябе пасярод народа і зрабіў цябе правадыром над народам Маім, Ізраэлем,

8 і адарваў царства ад дому Давіда, і даў яго табе, і ты не быў верны, як паслугач Мой, Давід, які пільнаваў прыказанні Мае і хадзіў за Мною ўсім сэрцам сваім, чынячы толькі добрае ў вачах Маіх,

9 але рабіў ты горш за ўсіх, якія былі перад табой, і нарабіў сабе багоў чужых і літых, каб разгневаць Мяне, а ад Мяне адвярнуўся — вось,

10 дзеля таго Я навяду на дом Ерабаама ўсякае ліха, і заб’ю з роду Ерабаама ўсіх мужчынскага роду, падлетка і дарослага ў Ізраэлі; і вымету рэшткі дому Ерабаама, як звычайна вымятаецца бруд, аж да чысціні.

11 Хто ў Ерабаама памрэ ў горадзе, тых з’ядуць сабакі; а хто памрэ на полі, тых пажаруць птушкі паднебныя; бо так сказаў Госпад.

12 А ты ўстань і вяртайся да дому свайго, і пры самым тваім прыходзе ў горад памрэ хлопец,

13 і будзе плакаць над ім увесь Ізраэль, і пахавае яго; бо толькі ён з роду Ерабаама ўвойдзе ў магілу, бо з роду Ерабаама толькі ў ім знайшлося нешта мілае Госпаду, Богу Ізраэля.

14 А паставіць Госпад Сабе цара над Ізраэлем, які загубіць дом Ерабаама.

15 І ўдарыць Госпад Ізраэль так, што будзе ён дрыжаць, як трыснёг на вадзе, і выганіць Ізраэль з гэтай добрай зямлі, якую даў бацькам іх, і пераселіць іх за раку за тое, што яны нарабілі сабе ідалаў, каб гнявіць Госпада.

16 І пакіне Госпад Ізраэль дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў у грэх Ізраэль”».

17 І ўстала жонка Ерабаама, і пайшла, і прыбыла ў Тэрсу; і калі яна пераступала парог дома, памёр хлопец.

18 І пахавалі яго, і галасіў над ім увесь Ізраэль паводле слова Госпада, якое Ён сказаў праз паслугача Свайго, прарока Ахію.

19 А другія справы Ерабаама, як ён ваяваў і як цараваў, — усё гэта апісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля.

20 А час царавання Ерабаама — дваццаць два гады; і супачыў ён з бацькамі сваімі. І па ім цараваў сын яго Надаб.

21 А Рабаам, сын Саламона, быў царом у Юдзе. Сорак адзін год меў Рабаам, калі ён пачаў цараваць, і семнаццаць гадоў ён цараваў у Ерузаліме, у горадзе, які выбраў Госпад з усіх пакаленняў Ізраэля, каб там прабывала імя Яго. Імя ж маці яго Наама, аманіцянка.

22 І Юдэя дапускалася ліхоты перад Госпадам, і гнявілі яны Госпада болей чым бацькі іх сваімі грахамі, якіх дапускаліся;

23 бо пабудавалі яны і сабе ўзгоркі, і слупы, і ідалаў на кожным высокім узгорку і пад кожным зялёным дрэвам.

24 Але і распуста пачалася ў той зямлі; і дапускаліся яны ўсякіх агіднасцей, як народы, якіх знішчыў Госпад перад абліччам Ізраэля.

25 А ў пяты год царавання Рабаама пайшоў супраць Ерузаліма Сэсак, цар Егіпта,

26 і ён зрабаваў каштоўнасці святыні Госпада і царскія багацці і ўсё забраў, таксама ўсе шчыты залатыя, якія зрабіў Саламон.

27 Замест іх цар Рабаам зрабіў медныя шчыты і перадаў іх у рукі кіраўнікоў варты, якая стаяла на варце ля дзвярэй палаца царскага.

28 І кожны раз, калі цар уваходзіў у святыню Госпада, уносіла іх варта, а потым зноў адносіла іх у збраёўню варты.

29 А іншыя дзеянні Рабаама і ўсё, што ён рабіў, — усё гэта запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі.

30 І вайна між Рабаамам і Ерабаамам працягвалася ўвесь час.

31 І супачыў Рабаам з бацькамі сваімі і быў пахаваны з імі ў горадзе Давідавым; маці яго на імя Наама, аманіцянка. А па ім царом стаў сын яго, Абія.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы