3 ЦАРСТВАЎ 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А цар Саламон пакахаў шматлікіх іншаземных жанчын, апрача дачкі фараона, і маабак, і аманіцянак, і эдомак, і сідонак, і хетэек, 2 з тых народаў, пра якіх Госпад загадаў ізраэльцам: «Не ўваходзьце да іх, і яны хай не ўваходзяць да вас, бо, напэўна, яны адвернуць сэрцы вашы, так што вы пойдзеце за багамі іх». Такім чынам, да іх прыхіліўся Саламон каханнем; 3 і меў ён семсот жонак як царыц і трыста наложніц; і жонкі яго прывабілі сэрца яго. 4 І, калі быў ён ужо стары, папсавана было сэрца яго праз жонак, каб пайшоў ён за чужымі багамі; і сэрца яго не было адданае Госпаду, Богу свайму, як сэрца Давіда, бацькі яго, 5 але стаў Саламон служыць Астарце, багіні сідонцаў, і Мэлькому, ідалу аманіцян. 6 І рабіў Саламон тое, што не падабалася Госпаду, і не ішоў за Госпадам, як Давід, бацька яго. 7 І нават збудаваў Саламон ахвярнік Хамосу, ідалу маабіцянскаму, на гары насупраць Ерузаліма, і Мэлькому, ідалу сыноў Амона; 8 тое ж самае зрабіў ён усім сваім жонкам-чужынкам, якія курылі духмяныя рэчывы і ўскладалі ахвяры сваім багам. 9 Дык разгневаўся Госпад на Саламона за тое, што адвярнуў ён сэрца свае ад Госпада, Бога Ізраэля, Які з’яўляўся яму двойчы 10 і забараняў яму хадзіць за чужымі багамі; і ён не пільнаваў таго, што загадаў яму Госпад. 11 Тады сказаў Госпад Саламону: «За тое, што ты зрабіў гэта і не захаваў запавету Майго і загадаў Маіх, якія Я даў табе, Я забяру царства тваё ад цябе і аддам яго паслугачу твайму. 12 У дні твае, аднак, не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго; з рукі сына твайго забяру яго. 13 І не ўсё царства забяру, але адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, паслугача Майго, і дзеля Ерузаліма, які Я выбраў». 14 І паставіў Госпад супраціўніка Саламону, Адада эдомца, з царскага роду ў Эдоме. 15 Калі Давід перамог Эдом, і Ёаб, кіраўнік войска, прыйшоў хаваць забітых, а ён забіў усіх мужчын эдомскіх, — 16 бо быў там Ёаб і ўсе ізраэльцы шэсць месяцаў, аж пакуль не забілі ўвесь род мужчынскі ў Эдоме. 17 Сам Адад разам з людзьмі Эдома, з паслугачамі бацькі яго, уцяклі ў Егіпет; а Адад быў яшчэ малым хлопцам. 18 І, калі выйшлі яны з Мадыяна, то прыбылі ў Паран, і ўзялі з сабою людзей з Парана, і прыйшлі ў Егіпет да фараона, цара Егіпецкага, які даў ім дом, яду і выдзеліў зямлю. 19 І знайшоў Адад такую вялікую ласку ў фараона, што ён даў яму за жонку сястру жонкі сваёй, сястру царыцы Тапнэс. 20 І сястра Тапнэс нарадзіла яму сына Гэнубата, і Тапнэс выгадавала яго ў доме фараона, і жыў Гэнубат у фараона разам з сынамі яго. 21 І, калі Адад даведаўся ў Егіпце, што Давід заснуў з бацькамі сваімі і што памёр Ёаб, кіраўнік войска, сказаў ён фараону: «Дазволь мне вярнуцца ў зямлю сваю». 22 І фараон сказаў яму: «Ці табе чаго не хапае ў мяне, што ты хочаш ісці ў зямлю сваю?» І ён адказаў: «Усяго мне стае, але прашу, адпусці мяне». 23 Бог паставіў таксама супраціўніка Саламону, Разона, сына Эліяды, які ўцёк ад Ададэзэра, цара Собы, гаспадара свайго. 24 Ён сабраў да сябе людзей і стаўся правадыром банды, калі Давід забіваў іх, яны пайшлі ў Дамаск, і там абжыліся, і панавалі ў Дамаску. 25 І быў ён ворагам Ізраэля ўва ўсе дні Саламона; і гэта з такой злосцю, што была і ў Адада. І ненавідзеў ён Ізраэля, і панаваў ён у Сірыі. 26 Таксама Ерабаам, сын Набата, эфраімец з Сарэды, паслугач Саламона, імя маці яго Сарва, удава, падняў руку на цара. 27 І вось такая была прычына бунту супраць яго: Саламон пабудаваў Мэло і ўраўнаваў вылам у муры ў горадзе Давіда, бацькі свайго. 28 А Ерабаам быў чалавекам адважным і дужым; і Саламон, бачачы здольнага юнака, паставіў яго наглядчыкам над работамі ўсяго дому Язэпа. 29 Такім чынам, здарылася ў той час, што Ерабаам выйшаў з Ерузаліма, і спаткаў яго на дарозе прарок Ахія з Сіло, апрануты ў новы плашч; а толькі яны адны былі ў полі. 30 І зняў Ахія свой новы плашч, які быў на ім, раздзёр яго на дванаццаць частак, 31 і сказаў Ерабааму: «Вазьмі сабе дзесяць частак; бо вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Вось, Я вырву царства з рукі Саламона і дам табе дзесяць пакаленняў. 32 І толькі адно пакаленне застанецца яму дзеля паслугача Майго, Давіда, і дзеля горада Ерузаліма, які Я выбраў з усіх пакаленняў Ізраэля, 33 бо яны пакінулі Мяне і пакланяліся Астарце, багіні сідонцаў, і Хамосу, богу Мааба, і Мэлькому, богу сыноў Амона, і не хадзілі шляхамі Маімі, каб чыніць справядлівасць перада Мною, і спаўняць загады Мае і прыказанні, як Давід, бацька яго. 34 І Я не забяру з рукі яго ўсё царства, але пакіну яго кіраўніком ва ўсе дні жыцця яго дзеля Давіда, паслугача Майго, якога Я выбраў і які захоўваў настаўленні Мае і загады Мае. 35 А забяру Я царства з рукі сына яго і дам табе дзесяць пакаленняў; 36 а сыну яго Я пакіну адно пакаленне, каб заставаўся светач Давіда, паслугача Майго, перад абліччам Маім ва ўсе дні ў горадзе Ерузаліме, які Я выбраў, каб прабывала там імя Маё. 37 А цябе Я прыму, і ты будзеш цараваць над усім, чаго пажадае душа твая, і будзеш царом над Ізраэлем. 38 Такім чынам, калі ты будзеш слухацца ва ўсім, што Я загадаю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі, і будзеш рабіць, што справядліва ў вачах Маіх, пільнуючы прыказанні Мае і загады, як рабіў Давід, паслугач Мой, Я буду з табой і збудую табе дом моцны, як пабудаваў Давіду, і перадам табе Ізраэль, 39 і, акрамя таго, вынішчу нашчадкаў Давіда, але не на ўсе дні”». 40 Такім чынам, Саламон хацеў забіць Ерабаама, які ўстаў і ўцёк у Егіпет да Сэсака, цара Егіпецкага, і быў у Егіпце аж да смерці Саламона. 41 А іншыя дзеянні Саламона, усё, што ён рабіў, і мудрасць яго — вось, усё гэта апісана ў кнізе дзеянняў Саламона; 42 Саламон цараваў над усім Ізраэлем і ў Ерузаліме сорак гадоў. 43 І супачыў Саламон з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго; і пачаў цараваць замест яго сын яго Рабаам. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)