2 ЯНА 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Старэйшы – абранай гаспадарыні і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я сам, але і ўсе, што пазналі праўду, 2 дзеля праўды, што захоўваецца ў нас ды якая застаецца з намі ў вечнасці. 3 Ласка, міласэрнасць, супакой ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, хай будзе з намі ў праўдзе і любові. 4 Я быў вельмі рады, што сярод дзяцей тваіх знайшоў такіх, што жывуць у праўдзе, як мы атрымалі пастанову ад Айца. 5 І цяпер прашу цябе, гаспадарыня, не як новае прыказанне пішучы табе, але як тое, што мелі мы ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго. 6 І тое ёсць любоў, каб мы жылі паводле пастаноў Яго; гэта тое прыказанне, якое вы чулі ад пачатку, каб вы жылі па ім. 7 Бо з’явілася на свеце многа зводнікаў, якія не вызнаюць, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе; гэткі ёсць зводнік і антыхрыст. 8 Глядзіце самі на сябе, каб не страцілі вы таго, над чым мы папрацавалі, але каб атрымалі плату поўную. 9 Кожны, хто адступае ад навукі Хрыстовай і не трымаецца яе, не мае Бога; а хто трымаецца навукі, той мае і Айца, і Сына. 10 Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтай навукі, не прымайце яго ў дом і не вітайце яго. 11 Бо хто яго вітае, стаецца саўдзельнікам яго злачынства. 12 Шмат маю я вам напісаць, але не хачу на паперы і атрамантам, бо спадзяюся, што да вас прыйду і з вамі пагавару з вуснаў у вусны, каб радасць наша была поўнаю. Амін! 13 Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй абранай. Амін. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)