Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЦАРСТВАЎ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І запытаўся Давід: «Ці застаўся яшчэ хто з дому Саўла, каб я аказаў міласэрнасць яму дзеля Ёнатана?»

2 А з дому Саўла застаўся адзін паслугач на імя Сіба; калі паклікаў яго цар да сябе, то спытаўся ў яго: «Ці ты Сіба?» І ён адказаў: «Я — паслугач твой».

3 Дык спытаўся цар: «Ці застаўся хто з сям’і Саўла, каб я аказаў яму міласэрнасць Божую?» І Сіба адказаў цару: «Застаўся сын Ёнатана, хворы на ногі».

4 Спытаў ён: «Дзе ён?» І Сіба кажа цару: «Вось, ён у доме Махіра, сына Аміэля, ў Ладабары».

5 Такім чынам, цар Давід паслаў па яго і ўзяў яго з дому Махіра, сына Аміэля, з Ладабара.

6 А калі прыбыў Мэрыбаал, сын Ёнатана, сына Саўла, да Давіда, упаў ён на твар свой і пакланіўся. І сказаў Давід: «Мэрыбаал». Ён адказаў: «Тут я, паслугач твой».

7 І кажа яму Давід: «Не бойся, бо хачу аказаць табе міласэрнасць дзеля Ёнатана, бацькі твайго; і я вярну табе ўсе палі Саўла, бацькі твайго, і ты будзеш есці хлеб за сталом маім заўсёды».

8 Ён, пакланіўшыся яму, сказаў: «Хто я ёсць, паслугач твой, што ты звярнуў увагу на здохлага сабаку, такога, як я?»

9 І паклікаў цар Сібу, паслугача Саўла, і сказаў яму: «Усё тое, што належала Саўлу і ўсёй яго сям’і, я перадаю сыну гаспадара твайго.

10 Дык абрабляй яму зямлю ты, і сыны твае, і нявольнікі твае, і тое, што здабудзеш, хай будзе ежаю сям’і гаспадара твайго, якою яна будзе харчавацца; а Мэрыбаал, сын гаспадара твайго, будзе есці заўсёды хлеб з майго стала». А Сіба меў пятнаццаць сыноў і дваццаць нявольнікаў.

11 І сказаў Сіба цару: «Як загадаў, гаспадар мой, цар, паслугачу твайму, так і зробіць паслугач твой». А Мэрыбаал еў са стала яго, як адзін з сыноў цара.

12 Мэрыбаал меў сына малога на імя Міха; а ўсе, хто жыў у доме Сібы, былі нявольнікамі Мэрыбаала.

13 І жыў Мэрыбаал у Ерузаліме, бо ён заўсёды еў з царскага стала; і быў ён кульгавы на абедзве нагі.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы