Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЦАРСТВАЎ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Сталася ж па гэтых падзеях, што Давід разбіў філістынцаў і змусіў іх падпарадкавацца яму; і ўзяў Давід з рук філістынцаў Гет і гарады яго.

2 І разбіў ён маабцаў, і змераў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; дзве вяроўкі адмяраў для тых, што мелі быць забітыя, а адну вяроўку для тых, якія мелі застацца жывымі; і сталася, што маабцы зрабіліся нявольнікамі Давіда, і прыносілі яму даніну.

3 І пабіў таксама Давід Ададэзэра, сына Рагоба, цара Собы, калі той пайшоў, каб аднавіць валадаранне сваё над ракой Эўфрат.

4 І Давід, узяўшы ў яго тысячу семсот коннікаў і дваццаць тысяч пяхоты, падрэзаў сухажыллі ва ўсіх коней калясніц; а сабе пакінуў з іх сто калясніц.

5 А калі Арам з Дамаска прыйшоў, каб прынесці дапамогу Ададэзэру, цару Собы, Давід пабіў у Арама дваццаць дзве тысячы чалавек,

6 і паставіў Давід гарнізоны ў Араме Дамаска; і Арам быў падпарадкаваны Давіду і прыносіў яму даніну. І Госпад дапамагаў Давіду ва ўсім, што ён рабіў.

7 І ўзяў Давід залатую зброю, якую мелі паслугачы Ададэзэра, і прынёс яе ў Ерузалім;

8 і з гарадоў Ададэзэра Тэбаха і Бэратая ўзяў цар Давід вельмі шмат медзі.

9 А пачуў цар Эмата Той, што Давід перамог усё войска Ададэзэра,

10 і паслаў Той сына свайго Адарама да цара Давіда, каб прывітаць Яго, прыносячы віншаванні, і падзякаваць яму, што ваяваў з Ададэзэрам і пабіў яго; бо ворагам быў Той Ададэзэру. І прывёз падарункі Адарам: посуд срэбраны і посуд залаты, а таксама посуд медны,

11 якія цар Давід асвяціў для Госпада разам са срэбрам і золатам, якое забраў ён ва ўсіх упакораных народаў:

12 у Арама, маабцаў, сыноў Амона, філістынцаў, амалекцаў, і з рук Ададэзэра, сына Рагоба, цара Собы.

13 Таксама праславіў Давід імя сваё, калі, вяртаючыся, пабіў эдомцаў у Саляным лагу, забіўшы васемнаццаць тысяч чалавек.

14 І паставіў ён у Эдоме гарнізоны, і ўвесь Эдом стаў нявольнікам Давіда. І Госпад дапамагаў Давіду ва ўсім, што ён рабіў.

15 І Давід цараваў над усім Ізраэлем, таксама Давід спраўляў суд і справядлівасць над усім сваім народам.

16 А Ёаб, сын Сэруі, быў над войскам, а Язафат, сын Ахілуда, быў загадчыкам,

17 і Садок, сын Ахітуба, і Абіятар, сын Ахімэлеха, былі святарамі, і Сарая быў пісарам.

18 А Баная, сын Ёяды, быў над херэтамі і фелетамі; а сыны Давіда былі падручнымі цара.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы