Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЦАРСТВАЎ 23 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 А гэта апошнія словы Давіда: «Сказаў Давід, сын Ясэя, сказаў чалавек, высока пастаўлены, намашчэнец Бога Якубава, прыемны спявак псальмаў Ізраэля:

2 “Дух Госпадаў гаворыць праз мяне, і слова Яго — у вуснах маіх.

3 Сказаў Бог Ізраэля, гаварыў мне Скала Ізраэля: “Валадар справядлівы над людзьмі, які пануе ў страху Божым, —

4 як свет заранкі пры ўзыходзе сонца, як раніца без хмурынак; як трава расце з зямлі ў бляску пасля дажджу”.

5 Ці не так і дом мой перад Богам? Бо заключыў Ён са мною запавет вечны, устаноўлены ва ўсім і пэўны. Бо ўсё збаўленне маё і ўсё, што я жадаю, ці не Ён нараджае на свет?

6 А ўсе крывадушнікі будуць выкінуты, як церні, якія не бяруць рукамі;

7 і, калі хто хоча да іх дакрануцца, хай узброіцца жалезам або цаўём з наканечнікам дзіды, і хай гараць яны, агнём падпаленыя».

8 Вось імёны слаўных ваяроў Давіда: Есбаал Гахаманіт, кіраўнік між трох, ён падняў дзіду сваю на восемсот чалавек, якіх забіў адным разам.

9 Па ім Элеязэр, сын Дадо, сына Агога, між трох адважных. Быў ён з Давідам у Афэсдаміме, калі сабраліся там дзеля бою філістынцы. І, калі ізраэльцы пабеглі,

10 ён адзін стаяў і біў філістынцаў, пакуль не самлела яго рука і не прыліпла да меча; і Госпад даў вялікае збаўленне ў той дзень, і народ вярнуўся, толькі каб вынесці здабычу.

11 І па ім Сэма, сын Агэ з Арара. І сабраліся філістынцы ў Леху; а быў там палетак, поўны сачавіцы. І, калі людзі ўцяклі перад філістынцамі,

12 ён стаў адзін сярод поля, і выратаваў іх, і філістынцаў пабіў, і Госпад даў вялікае збаўленне.

13 І гэтыя трое з трыццаці прыйшлі ў час жніва і прыбылі да Давіда ў пячору Адалам; а лагер філістынцаў размясціўся ў лагчыне Рэфаім.

14 І Давід быў тады ў крэпасці, а войска філістынцаў тады было ў Бэтлехэме.

15 І захацеў Давід піць, і сказаў: «О, хто б даў мне вады напіцца са студні, што ў Бэтлехэме каля брамы!»

16 Дык трое гэтых адважных напалі на лагер філістынцаў, і зачэрпнулі вады са студні ў Бэтлехэме, што была каля брамы, і прынеслі Давіду. А ён не захацеў яе піць, але выліў яе ў ахвяру Госпаду,

17 кажучы: «Хай ласкавы да мяне будзе Госпад, каб не зрабіць гэта. Ці ж буду я піць кроў гэтых людзей, якія пайшлі, разыкуючы жыццём?» І адмовіўся піць. Гэта выканалі трое наймацнейшых.

18 А Абісай, брат Ёаба, сын Сэруі, быў кіраўніком трыццаці. Ён вось падняў на дзіду сваю трыста, якіх забіў. Быў ён слаўным сярод тых трыццаці,

19 і быў ён даволі вядомы паміж трыццаці, і быў іх кіраўніком; але не зраўняўся з трыма папярэднімі.

20 І Бэная, сын Ёяды з Кабсээля, быў ваяром наймужнейшым у вялікіх справах. Ён забіў двух сыноў Арыэля з Мааба, і ён сам пайшоў і забіў льва ў сярэдзіне вадаёма ў час завірухі.

21 Забіў ён таксама егіпцяніна, чалавека высокага росту, які трымаў у руцэ дзіду; а ён пайшоў на яго з кіем, сілай вырваў з рукі егіпцяніна дзіду і забіў яго ўласнаю дзідаю яго.

22 Гэта выканаў Баная, сын Ёяды, і быў ён у славе між трыццаццю наймужнейшымі.

23 А быў ён даволі вядомы з тых трыццаці; але з тымі трыма не зраўняўся. І Давід паставіў яго ў сябе на чале світы сваёй.

24 Сярод тых трыццаці быў Асаэль, брат Ёаба, Эльханан, сын Дадо, з Бэтлехэма,

25 Сама з Харода і Эліка з Харода,

26 Гэлес з Палці і Хіра, сын Акеса, з Тэкуа,

27 Абіязэр з Анатота, і Сабахай з Гусы,

28 Сэлмон з Агога, Магарай Нэтафатыт,

29 Хэлед, сын Бааны, Нэтафатыт, і Ітай, сын Рэбая, з Габы сыноў Бэньяміна.

30 Баная з Паратона, Гэдай з Нагале-Гааса,

31 Абібаал Арбатыт, Азмавэт з Бахурыма,

32 Эліяба з Саалбона, Ясэн з Гуна,

33 Ёнатан, сын Самы, з Арара, Агіям, сын Сарара, з Арара,

34 Эліпалет, сын Аасбая, Маахатыта, Эліям, сын Ахітатэла, з Гіло,

35 Гэсра з Кармэля, Парай з Араба,

36 Ігал, сын Натана, з Собы, Бані з Гада,

37 Сэлек з Амона, Нагарай з Бэрота, збраяносец Ёаба, сына Сэруі,

38 Хіра Ятрэй, таксама Гарэб Ятрэй,

39 Урыя Хетэй. Усіх трыццаць сем.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы