Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЦАРСТВАЎ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Тады Ёаб, сын Сэруі, разумеючы, што сэрца цара прыхілілася да Абсалома,

2 паслаў у Тэкуа, і прывёў адтуль разумную жанчыну, і сказаў ёй: «Прыкінься, што ты ў жалобе, і апраніся ў жалобнае адзенне, і не намашчайся алеем, каб быць, як жанчына, якая ўжо вельмі доўга смуткуе па памерлым.

3 І пойдзеш ты да цара, і скажаш яму гэтыя словы». І Ёаб уклаў словы ў вусны яе.

4 І жанчына з Тэкуа прыйшла да цара, упала перад ім на зямлю, і пакланілася, і сказала: «Выратуй мяне, цар».

5 І кажа ёй цар: «Што за справу маеш?» Яна адказала: «Я, на жаль, удава, муж мой памёр.

6 І паслугачка твая мела двух сыноў, якія пасварыліся адзін з адным на полі, і не было нікога, хто б мог, умяшаўшыся, развесці іх; і адзін з іх ударыў другога і забіў яго.

7 І вось, увесь род, падняўшыся супраць паслугачкі тваёй, кажа: “Аддай таго, хто забіў брата свайго, каб мы забілі яго за душу брата яго, якога ён забіў, і каб мы знішчылі спадкаемцу”. І намагаюцца яны затушыць апошнюю іскру маю, каб не засталося па мужу маім ані імя, ані нашчадкаў на зямлі».

8 І сказаў цар жанчыне: «Вяртайся да дому свайго, і я выдам загад адносна цябе».

9 І жанчына з Тэкуа сказала цару: «Гаспадару мой, цар, хай гэтая правіннасць спадзе на мяне і на дом бацькі майго; цар жа і пасад яго хай будуць бязгрэшнымі».

10 І сказаў цар: «Калі хто будзе гаварыць супраць цябе, прывядзі яго да мяне і ён ужо не будзе больш шкодзіць табе».

11 Сказала яна: «Згадай, цар, на Госпада, Бога свайго, каб мсціўца за кроў не павялічваў бяды і каб не загубілі яны сына майго». Ён сказаў: «Жыве Госпад, бо не ўпадзе нават волас з галавы сына твайго на зямлю».

12 І сказала жанчына: «Ці можа паслугачка твая сказаць гаспадару майму цару яшчэ слоўца?» І ён сказаў: «Кажы».

13 І сказала жанчына: «Чаму ты так думаеш супраць народа Божага? Бо калі цар сказаў гэтае слова, то гэта быццам злачынства, таму што цар не жадае вярнуць выгнанніка свайго.

14 Усе мы памром, і мы — быццам вада, разлітая на зямлі, якую немагчыма сабраць; аднак Бог не хоча загубіць душу, але, разважаючы, Ён думае аб тым, каб зусім не загінуў той, хто быў адкінуты.

15 І вось сёння прыбыла я, каб сказаць цару, гаспадару майму, гэтае слова, бо народ палохае мяне. І сказала паслугачка твая: “Скажу я цару, ці можа цар споўніць просьбу паслугачкі сваёй?

16 Можа, цар выслухае, каб вызваліць паслугачку сваю з рукі таго, хто хоча знішчыць мяне і сына майго разам са спадчыны Божай”.

17 Дык вырашыла паслугачка твая: “Хай слова гаспадара майго, цара, супакоіць мяне. Бо як анёл Божы, так гаспадар мой, цар, каб выслухаў і адрозніў добрае ад благога. І хай Госпад, Бог твой, будзе з табою!”»

18 І ў адказ сказаў цар жанчыне: «Не хавай ад мяне таго, аб чым я цябе запытаю». І жанчына сказала: «Хай пытаецца ў мяне гаспадар мой, цар».

19 І спытаўся цар: «Ці не рука Ёаба з табой ува ўсім гэтым?» І ў адказ прамовіла жанчына: «Жыве душа твая, гаспадару мой, цар; і нельга ўхіліцца ані ўправа, ані ўлева ад усяго таго, пра што пытае гаспадар мой, цар; бо паслугач твой, Ёаб, сам загадаў мне і ўклаў у вусны мае ўсе гэтыя словы;

20 каб змяніць выгляд гэтае справы, паслугач твой Ёаб зрабіў гэта. А ты, гаспадар мой, мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што на зямлі адбываецца».

21 І звярнуўся цар да Ёаба: «Вось, я раблю наступнае. Дык ідзі і прывядзі юнака Абсалома».

22 І Ёаб, упаўшы тварам сваім на зямлю, пакланіўся і дабраславіў цара. І сказаў Ёаб: «Сёння даведаўся паслугач твой, што мае ласку ў вачах тваіх, гаспадар мой, цар; бо споўніў ты просьбу паслугача свайго».

23 І ўстаў Ёаб, і пайшоў у Гэсур, і прывёў Абсалома ў Ерузалім.

24 І сказаў цар: «Няхай вернецца ён у дом свой, і хай аблічча майго ён не ўбачыць». І вярнуўся Абсалом у дом свой, а аблічча цара не бачыў.

25 А прыгажэйшага за Абсалома не было мужчыны ва ўсім Ізраэлі, якога б так услаўлялі: ад ступняў ног аж да галавы не было ў ім ніякай заганы.

26 І калі стрыглі яму валасы, — а стрыглі іх штогод, бо былі цяжкія, — то валасы з галавы яго важылі дзвесце сікляў царскай вагі.

27 А нарадзілася Абсалому трое сыноў і адна дачка, на імя Тамар. І была яна вельмі прыгожая.

28 І заставаўся Абсалом у Ерузаліме два гады, і аблічча цара не бачыў.

29 І паслаў Абсалом да Ёаба з просьбай, каб паслаў яго да цара; ён не захацеў прыйсці да яго. І, калі паслаў ён другі раз і той не захацеў прыйсці,

30 сказаў ён паслугачам сваім: «Паглядзіце на поле, якое мае Ёаб побач з маім полем, на якім ураджай ячменю; дык ідзіце і спаліце яго агнём». І паслугачы Ёаба, прыйшоўшы ў раздзёртым адзенні, сказалі: «Паслугачы Абсалома спалілі поле агнём!»

31 І сабраўся Ёаб і прыйшоў да Абсалома ў дом яго, і спытаў: «Чаму паслугачы твае спалілі ніву маю агнём?»

32 І Абсалом адказаў Ёабу: «Я пасылаў да цябе, просячы, каб ты прыйшоў да мяне і каб паслаць цябе да цара, каб ты сказаў яму: “Навошта я вярнуўся з Гэсура? Лепш было мне яшчэ там прабываць”. Дык прашу цябе, дапамажы мне ўбачыць аблічча цара; калі ёсць яшчэ правіннасць, хай ён заб’е мяне».

33 Ёаб пайшоў да цара і сказаў яму. І паклікаў ён Абсалома, і той увайшоў да цара і ўпаў тварам на зямлю перад ім, і пацалаваў цар Абсалома.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы