Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЦАРСТВАЎ 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 А сталася праз год, у той час, калі цары звычайна выходзяць на вайну, што Давід выправіў Ёаба і паслугачоў сваіх і з ім разам увесь Ізраэль, і яны разграмілі сыноў Амона і аблажылі Рабу; а Давід у той час застаўся ў Ерузаліме.

2 І здарылася вечарам, што Давід падняўся з ложка свайго і праходжваўся на даху царскага дома. І ўбачыў ён з даху жанчыну, якая мылася; а яна была вельмі прыгожая.

3 Дык цар паслаў выведаць, што гэта за жанчына; і паведамілі яму, што гэта Бэтсэба, дачка Эліяма, жонка Урыі Хетэя.

4 І Давід, паслаўшы вестуноў, узяў яе; калі яна ўвайшла да яго, ён спаў з ёю, а яна, ачысціўшыся ад сваёй нячыстасці, вярнулася ў дом свой;

5 калі ж яна пачала, паслала яна паведаміць цару і сказала: «Я пачала».

6 А Давід выправіў пасланца да Ёаба, кажучы: «Пашлі да мяне Урыю Хетэя». І паслаў Ёаб Урыю Хетэя да Давіда,

7 і прыйшоў Урыя да Давіда. І Давід пытаўся пра становішча Ёаба і народа, і пра падзеі вайны,

8 і сказаў Давід Урыі: «Ідзі ў дом свой і памый свае ногі». І выйшаў Урыя з дома цара; і за ім панеслі стравы царскія.

9 А Урыя спаў перад брамаю дома царскага з іншымі паслугачамі гаспадара свайго і не пайшоў у дом свой.

10 І паведамілі Давіду, кажучы: «Урыя не пайшоў у дом свой». І спытаў Давід у Урыі: «Ці ж ты не прыйшоў з дарогі? Чаму ж не заходзіш у дом свой?»

11 І Урыя сказаў Давіду: «Каўчэг, і Ізраэль, і Юда жывуць у палатках, і гаспадар мой Ёаб, і паслугачы гаспадара майго прабываюць у полі; а я маю пайсці ў дом свой, каб есці, і піць, і спаць з жонкай сваёю? Дзеля збаўлення твайго і дзеля збаўлення душы тваёй, — гэтага я не зраблю!»

12 Дык сказаў Давід Урыі: «Застанься тут таксама і сёння, і заўтра я адпушчу цябе». Застаўся Урыя ў Ерузаліме на той дзень і на другі.

13 І паклікаў яго Давід, каб ён еў перад ім і піў, і напаіў яго. Выйшаўшы вечарам, ён спаў на пасцілцы сваёй між паслугачоў гаспадара свайго і ў дом свой не пайшоў.

14 Сталася раніцай, што напісаў Давід ліст да Ёаба, і паслаў яго праз Урыю,

15 у лісце напісаўшы: «Пастаўце Урыю ў першым страі, дзе будзе найцяжэйшы бой, і адыдзіце ад яго, каб ён, паранены, загінуў».

16 Дык, калі Ёаб асадзіў горад, ён паставіў Урыю ў месцы, аб якім ведаў, што ваявалі там наймужнейшыя ваяры.

17 І выйшлі з горада людзі, і ваявалі супраць Ёаба; і былі забітыя ў народзе паслугачы Давідавы, і памёр таксама Урыя Хетэй.

18 І паведаміў Ёаб праз вестуноў Давіду ўсе падзеі бою;

19 і загадаў ён вестуну, кажучы: «Калі ты раскажаш цару пра ўсе падзеі бою

20 і ўбачыш, што цар разгневаўся, і калі ён скажа табе: “Чаму вы так блізка пад горад падыходзілі, каб ваяваць? Ці вы не ведалі, што з муроў будуць кідаць у вас дзіды?

21 Хто забіў Абімэлеха, сына Ерабаала? Ці ж не жанчына, якая скінула на яго з мура камень млынавы, так што ён памёр у Тэбэце? Чаму вы падыходзілі пад мур?” Тады ты скажы: “Таксама паслугач твой Урыя Хетэй загінуў”».

22 І пайшоў пасланец, і прыйшоў і расказаў Давіду ўсё, што яму загадаў Ёаб.

23 І сказаў вястун Давіду: «Паколькі яны мелі перавагу над намі, ваяры іх выйшлі супраць нас на поле, але мы, здзейсніўшы напад, перамаглі іх і пераследавалі іх аж да брамы горада.

24 І лучнікі пускалі ў паслугачоў тваіх стрэлы зверху з мура; і загінулі паслугачы цара, а таксама паслугач твой Урыя Хетэй загінуў».

25 І сказаў Давід вестуну: «Скажы гэта Ёабу: “Не перажывай дзеля гэтага выпадку; бо рознай бывае ваенная доля, і меч дасягае раз таго, другі раз іншага; будзь мужны ў вайне тваёй супраць горада, каб знішчыць яго. І ты падбадзёр яго”».

26 А жонка Урыі пачула, што загінуў муж яе, Урыя, і плакала дзеля яго.

27 І па заканчэнні жалобы паслаў за ёй Давід, і ўвёў яе ў дом свой, і стала яна жонкай яго, і нарадзіла яму сына. І Госпаду не спадабалася тое, што зрабіў Давід.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы