2 ЦАРСТВАЎ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Сталася ж па смерці Саўла, што Давід вярнуўся па перамозе над Амалекам і спыніўся на два дні ў Сікэлазе. 2 А на трэці дзень з’явіўся нейкі чалавек з лагера Саўла ў падзёртым адзенні і з пасыпанай пылам галавой; і ён, калі падышоў да Давіда, упаў на твар свой і пакланіўся да зямлі. 3 І Давід запытаўся ў яго: «Адкуль ты прыйшоў?» Ён адказаў яму: «Я ўцёк з лагера ізраэльскага». 4 І сказаў яму Давід: «Што ж сталася? Скажы мне». Ён кажа: «Людзі паўцякалі з месца бою, і многія з народа, упаўшы, загінулі; таксама Саўл і сын яго Ёнатан загінулі». 5 І спытаўся Давід у юнака, які яму расказваў: «Адкуль ты ведаеш, што памёр Саўл і сын яго, Ёнатан?» 6 І юнак, які прынёс яму гэтыя весткі, сказаў: «Я выпадкова ўзышоў на гару Гэльбоэ, і Саўл ляжаў на сваёй дзідзе. А ўжо коннікі і калясніцы даганялі яго, 7 і ён, аглянуўшыся і ўбачыўшы мяне, паклікаў мяне. Калі я яму адказаў: “Вось я”, 8 ён спытаўся ў мяне: “Хто ты?” І я сказаў яму: “Я з амалекцаў”. 9 І ён сказаў мне: “Падыдзі да мяне і забі мяне, бо туга смяротная ахапіла мяне, але душа мая ўсё яшчэ ўва мне”. 10 І я, падышоўшы да яго, забіў яго; бо ведаў, што не зможа ён жыць па сваім падзенні. І ўзяў я вянец з галавы яго, і бранзалет з рукі яго, і прынёс іх сюды, да цябе, гаспадара майго». 11 Давід, схапіўшыся за шаты свае, раздзёр іх, і ўсе людзі, якія былі з ім; 12 і галасілі яны, і плакалі, і пасцілі аж да вечара дзеля Саўла, і дзеля Ёнатана, сына яго, і дзеля народа Госпада, і дзеля дому Ізраэля, бо яны загінулі ад меча. 13 І сказаў Давід юнаку, які аб гэтым паведаміў яму: «Адкуль ты?» Ён адказаў: «Я — сын чалавека, прыбыльца з Амалека». 14 І сказаў яму Давід: «Як ты адважыўся падняць руку сваю, каб забіць намашчэнца Госпадава?» 15 Дык Давід, паклікаўшы аднаго з юнакоў, загадаў: «Падыдзі і забі яго». І той ударыў яго, і ён памёр. 16 І сказаў яму Давід: «Кроў твая — на галаву тваю; бо сказанае табою сведчыла супраць цябе, калі ты казаў: “Я забіў намашчэнца Госпадавага”». 17 А Давід аплакваў Саўла і сына яго Ёнатана гэтым жалобным галашэннем, 18 і загадаў, каб навучылі сыноў Юды гімну луку, як і было запісана ў Кнізе Справядлівага, і сказаў ён: 19 «Слаўныя твае, Ізраэлю, загінулі на гарах тваіх, як жа маглі загінуць такія мужныя?! 20 Не расказвайце гэтага ў Геце і не абвяшчайце аб гэтым на вуліцах Аскалона, каб часам не ўзвесяліліся з-за гэтага дочкі філістынскія, каб не радаваліся дочкі неабрэзаных. 21 Горы Гэльбоэ! Хай не спадзе на вас ані раса, ані дождж і хай не будзе ў вас палёў урадлівых, бо там апаганены шчыт мужных, шчыт Саўла, быццам не быў ён памазаны алеем. 22 Без крыві забітых, без тлушчу мужных лук Ёнатана ніколі не вяртаўся назад, і меч Саўла не вяртаўся дарма. 23 Саўла і Ёнатана, што любілі адзін аднаго і жылі ў згодзе, смерць таксама не разлучыла іх, хутчэйшых за арлоў і дужэйшых за львоў. 24 Дочкі ізраэльскія, плачце дзеля Саўла, які апранаў вас у раскошныя пурпуровыя шаты, які даваў залатыя аздабленні для ўпрыгожвання вашага. 25 Як жа маглі загінуць у баі такія мужныя! Ёнатан забіты на ўзгорках тваіх. 26 О, як шкадую цябе, брат мой Ёнатан: ты быў мне вельмі дарагі; любоў твая была для мяне даражэй за любоў жаночую. 27 Як палеглі героі і загінула зброя баявая!» |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)