2 ЦІМАФЕЯ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Паўла, Апостал Хрыста Ісуса, з волі Бога, паводле абяцання жыцця, якое ёсць у Хрысце Ісусе, 2 Цімафею, улюбёнаму сыну: ласка, міласэрнасць і супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага. 3 Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленнем, што ў маіх малітвах уночы і днём без перапынку маю ў памяці цябе, 4 і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае слёзы, каб напоўніцца радасцю, 5 і прыпамінаю веру не фальшывую, якая ёсць у табе, якая жыла найперш у бабулі тваёй Лаідзе і маці тваёй Эўніцы, ды я перакананы, што і ў табе. 6 Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб узграваў ты дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне рук маіх. 7 Бо не даў нам Бог духа страху, але сілы, любові і цвярозага мыслення. 8 Дык не саромейся тады сведчання Госпада нашага, ані мяне, вязня Яго, але працуй дзеля Евангелля моцы Бога, 9 Які збавіў нас і паклікаў святым пакліканнем не паводле нашых спраў, але паводле пастановы Сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысце Ісусе спрадвеку, 10 а цяпер аб’явілася праз з’яўленне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвяціў жыццё і несмяротнасць праз Евангелле, 11 дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, і Апосталам, і вучыцелем паганаў. 12 З гэтай прычыны пераношу цярпенні, але не саромеюся, бо ведаю, Каму паверыў, і маю пэўнасць, што Ён мае моц захаваць уклад мой на той дзень. 13 За ўзор вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, адносна веры і любові, што ў Хрысце Ісусе. 14 Беражы добры ўклад Духа Святога, Які прабывае ў нас. 15 Ці ведаеш тое, што ўсе, што ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне? 16 Хай дасць міласэрнасць Госпад дому Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданоў маіх, 17 але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў. 18 Хай дасць яму Госпад знайсці міласэрнасць у Госпада ў той дзень. А колькі ён служыў у Эфесе, ты лепей ведаеш. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)