Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,

2 і каб мы ўсцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо вера ёсць не ва ўсіх.

3 Але верны Госпад, Які і ўмацуе вас і ўсцеражэ ад ліхога.

4 Мы маем упэўненасць наконт вас у Госпадзе, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы загадваем вам.

5 Хай жа Госпад накіруе сэрцы вашы да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай.

6 Загадваем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб высцерагаліся вы ўсякага брата, які жыве нягодна і не паводле пераданаму, што вы атрымалі ад нас.

7 Бо самі ведаеце, як належыць пераймаць нас, бо мы не жылі паміж вас нягодна

8 ды дарма чужога хлеба не елі, але ў рабоце і стоме, уночы і днём працуючы, нікому з вас не былі цяжарам.

9 Не дзеля таго, што не мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для наследавання нам.

10 Дык, калі мы былі ў вас, гэта вам загадвалі: хто не хоча працаваць, хай і не есць.

11 Бо чуем мы, што ёсць некаторыя між вамі, што нягодна жывуць, нічога не робяць, а толькі мітусяцца.

12 Такім, вось, што так жывуць, загадваем і заклікаем, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб, спакойна працуючы, елі свой уласны хлеб.

13 Вы ж, браты, не падайце духам, робячы дабро.

14 Калі хто часам не паслухае слова нашага з ліста гэтага, такога майце на прыкмеце ды не сябруйце з такім, каб быў асаромлены.

15 Але не ўважайце яго за ворага, а ўшчувайце як брата.

16 Сам жа Госпад супакою няхай дасць вам супакой заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі.

17 Прывітанне маёю рукою, Паўлавай, што ёсць знак у кожным лісце; так я пішу.

18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы