2 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Ісусе Хрысце: 2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста. 3 Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, як і належыць, бо вера ваша вельмі ўзрастае ды ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца, 4 так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля вашай цярплівасці і веры ва ўсіх пераследаваннях вашых і прыгнётах, якія пераносіце, 5 на доказ справядлівага суда Божага, каб былі вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і церпіце. 6 Бо справядліва ёсць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць, 7 і вам, якія прыгнёт пераносіце, даць супачынак з намі ў час аб’яўлення з неба Госпада нашага Ісуса з анёламі магутнасці Яго, 8 у полымі агню, несучы адплату тым, што не ведаюць Бога і не слухаюць Евангелля Госпада нашага Ісуса Хрыста. 9 Яны атрымаюць пакаранне вечнай пагібеллю ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго, 10 калі Ён прыйдзе праславіцца ў Сваіх святых ды ў той дзень задзівіць усіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сведчанню ў гэты дзень. 11 Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас годнымі Свайго паклікання і напоўніў вас моцай ва ўсякім жаданні добрага і ўчынках веры, 12 каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, і вы – у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)