2 ПЯТРА 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Умілаваныя, гэта ўжо другі ліст пішу да вас; у іх стараюся ажывіць ваш чысты розум напамінам, 2 каб вы памяталі тыя словы, якія прадказаны былі святымі прарокамі, і прыказанне Госпада і Збаўцы, перададзенае Апосталамі. 3 Перад усім ведайце, што ў апошнія дні з’явяцца паклёпнікі з кпінамі, якія будуць хадзіць адпаведна сваёй пажадлівасці 4 і будуць пытацца: «Дзе ж абяцанне Яго прыходу?», кажучы: «Бо з таго часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку стварэння». 5 Бо не ведаюць яны, тыя, якія так думаюць, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала, 6 ад чаго тады той свет загінуў, затоплены вадою. 7 А цяперашнія нябёсы і зямля тым самым словам утрымліваныя агню, захаваны на дзень суда і згубы бязбожных людзей. 8 Няхай для вас, умілаваныя, не будзе таямніцай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў і тысяча гадоў – як адзін дзень. 9 Не марудзіць Госпад з абяцаннем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы ў адносінах да нас і не хоча нічыёй загубы, але хоча ўсіх давесці да навяртання. 10 Як злодзей уначы прыйдзе дзень Госпадаў, у які нябёсы з шумам вялікім прамінуцца, стыхіі, распаленыя, знікнуць, а зямля і ўсе справы на ёй згараць. 11 Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у святым жыцці і пабожнасці, 12 калі чакаеце і прыспешваеце прыход дня Божага, у які нябёсы, палымнеючы, знікнуць і стыхіі ў паланні агню рассыплюцца. 13 Аднак, паводле абяцання Яго, мы чакаем новых нябёсаў і новай зямлі, на якіх жыве справядлівасць. 14 Дзеля таго, умілаваныя, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб Ён застаў вас у супакоі. 15 І доўгацярплівасць Госпада нашага лічыце за збаўленне, як і наш умілаваны брат Паўла паводле дадзенай яму мудрасці напісаў вам, 16 як аб гэтым гаворыць ён ва ўсіх лістах, у якіх ёсць штосьці цяжкае для разумення, што людзі невукі і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу. 17 Дык вы, умілаваныя, аб гэтым папярэджаныя, сцеражыцеся, каб не даць сябе звесці ў аблуду нягоднікаў і не адпасці ад свайго ўмацавання. 18 Дык узрастайце ў ласцы і пазнанні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амін. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)