2 ЛЕТАПІСАЎ 34 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Осія меў восем гадоў, калі стаў царом, і трыццаць адзін год быў царом у Ерузаліме. 2 І дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, і хадзіў па дарогах Давіда, бацькі свайго; не збочыў ані ўправа, ані ўлева. 3 А на восьмы год царавання свайго, калі яшчэ быў юнаком, пачаў шукаць Бога бацькі свайго Давіда; а на дванаццаты год пачаў ачышчаць Юду і Ерузалім ад узгоркаў, і ад слупоў, і ад розных выяў багоў, ды ад адлітых з металу. 4 І ў прысутнасці яго знішчылі ахвярнікі Баалам; і курыльніцы, памешчаныя над імі, разваліў; таксама слупы і разьбяныя выявы і адлітыя статуі паразбіваў і здрабніў ды рассыпаў кавалкі па магілах тых, хто звычайна гэтыя ахвяры ўскладваў. 5 Апрача таго, косці святароў спаліў на ахвярніках іх, і ачысціў Юдэю і Ерузалім; 6 але і ў гарадах Манасы, Эфраіма і Сімяона аж да Нэфталі ўсюды на іх плошчах 7 разваліў ахвярнікі, і слупы, і разьбяныя выявы разбіў на кавалкі; і перавярнуў усе курыльніцы ва ўсёй зямлі Ізраэля, і затым вярнуўся ў Ерузалім. 8 Такім чынам, на васемнаццаты год свайго царавання пры ачышчэнні зямлі і святыні даручыў Сафану, сыну Эсэліі, і Маасіі, кіраўніку горада, і Ёаху, сыну Ёахаза, — ад пісараў, — аднавіць святыню Госпада, Бога свайго. 9 Яны прыбылі да першасвятара Хэлькіі і атрыманыя ад яго грошы, што былі ўнесены ў святыню Госпада і што сабралі левіты прыдзверныя ад Манасы, і Эфраіма, і ўсіх астатніх жыхароў Ізраэля, а таксама ад усёй Юдэі, і Бэньяміна, і жыхароў Ерузаліма, 10 аддалі ў рукі загадчыкаў, якія кіравалі працай у доме Госпада, а гэтыя далі іх работнікам, якія працавалі ў святыні для адбудовы святыні і для аднаўлення ўсяго нетрывалага; 11 гэта значыць, далі грошы цеслям і мулярам, каб купілі часаных камянёў і дрэва для стыкаў будынка і на пакрыццё дамоў, якія разваліў цар Юдэі. 12 Наглядальнікі за работамі спаўнялі свае абавязкі сумленна. Наглядальнікамі ж за работамі былі Ягат і Абдзія — левіты з сыноў Мэрары; Захарыя і Масала з сыноў Кагата, якія кіравалі работамі. Усе ж левіты, якія ўмелі граць на музычных інструментах, 13 былі пастаўлены над тымі, што насілі цяжары, ды кіравалі работамі тых, якія выконвалі ўсякія работы. З левітаў былі таксама пісары, і загадчыкі, і прыдзверныя. 14 І калі вымалі грошы, прынесеныя ў святыню Госпада, першасвятар Хэлькія знайшоў кнігу закону Госпадава, перададзеную рукой Майсея. 15 Дык сказаў Хэлькія пісару Сафану: «Кнігу закону знайшоў я ў доме Госпада». І аддаў яе яму. 16 І Сафан занёс кнігу да цара ды яшчэ абвясціў яму, паведамляючы: «Усё, што ты даручыў паслугачам сваім, — вось, выконваецца. 17 Срэбра, знойдзенае ў святыні Госпада, выкарысталі, і далі загадчыкам і работнікам». 18 І паведаміў пісар Сафан цару: «Кнігу даў мне святар Хэлькія». Ды чытаў яе перад царом. 19 І сталася, калі цар выслухаў словы закону, разадраў шаты свае 20 і загадаў Хэлькіі, і Ахікаму, сыну Сафана, і Абдону, сыну Міхі, а таксама пісару Сафану ды слузе царскаму Асаю, кажучы: 21 «Ідзіце і парайцеся з Госпадам, што да мяне і што да рэшты ізраэльцаў і Юдэі ў сувязі са словамі кнігі, якая была знойдзена. Страшнае бо абурэнне Госпада сышло на нас дзеля таго, што бацькі нашы не пільнавалі слоў Госпада, каб спаўняць усё тое, што напісана ў гэтай кнізе». 22 Дык пайшоў Хэлькія і тыя, каго цар паслаў разам з ім, да прарочыцы Гульды, жонкі Сэлума, сына Тэквы, сына Харааса, вартаўніка адзення, якая жыла ў Ерузаліме, у новым горадзе, і расказалі ёй пра справу. 23 І яна адказала ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Скажыце чалавеку, які прыслаў вас да мяне: 24 вось што кажа Госпад: “Вось, навяду я бяду на гэтае месца і на яго жыхароў, усе праклёны, якія запісаны ў гэтай кнізе, якую чыталі перад царом Юдэі, 25 бо пакінулі Мяне і ўскладалі ахвяры чужым багам, каб Мяне гнявіць усімі ўчынкамі рук сваіх; таму выльецца гнеў Мой на гэта месца ды не патухне”. 26 А цару Юдэі, які паслаў вас параіцца з Госпадам, так скажыце: “Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Таму, што ты выслухаў словы кнігі, 27 і забаялася сэрца тваё ды ўпакорыўся ты перад абліччам Бога, адносна таго, што было сказана супраць гэтага месца і жыхароў Ерузаліма, таму што ўпакорыўся ты перада Мной, раздзёр шаты свае ды плакаў перада Мной, то Я таксама пачуў цябе”, — гаворыць Госпад. 28 Вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, ды будзеш пахаваны спакойна ў сваёй магіле; ды вочы твае не ўбачаць усёй загубы, якую Я навяду на гэтае месца і на яго жыхароў”». А яны прынеслі цару ўсё, што ён сказаў. 29 Затым ён, сабраўшы ўсіх старэйшын Юдэі і Ерузаліма, 30 увайшоў у дом Госпадаў разам з усімі юдэямі і жыхарамі Ерузаліма, са святарамі і левітамі ды з усім народам, ад найменшага да найбольшага. У доме Госпада ў прысутнасці ўсіх слухаючых цар перачытаў усе словы кнігі запавету, якую знайшлі ў доме Госпада. 31 І, стоячы на сваім месцы, заключыў ён запавет перад абліччам Госпада, каб ісці за Ім і пільнаваць прыказанні Яго, і сведчанні і законы Яго ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёй ды спаўняць словы запавету, запісаныя ў гэтай кнізе. 32 Заклінаў ён таксама аб гэтым усіх, хто знаходзіўся ў Ерузаліме і ў Бэньяміне; і сталі дзейнічаць жыхары Ерузаліма па дамове з Госпадам, Богам бацькоў сваіх. 33 Осія, такім чынам, выкінуў усе агіднасці з усіх земляў сыноў Ізраэля і прымусіў усіх, хто знаходзіўся ў Ізраэлі, служыць Госпаду, Богу свайму. Ва ўсе дні яго не адступіў ніхто ад Госпада, Бога бацькоў сваіх. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)