2 ЛЕТАПІСАЎ 27 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Ёатам меў дваццаць пяць гадоў, калі пачаў цараваць, і шаснаццаць гадоў быў царом у Ерузаліме. Імя маці яго — Еруса, дачка Садока. 2 І дзейнічаў ён справядліва перад Госпадам, рабіў усё так, як бацька яго, Озія, за выключэннем таго, што не ўваходзіў у святыню Госпада, але народ ўсё яшчэ грашыў. 3 Гэта ён пабудаваў Верхнюю браму дома Госпада і многа папрацаваў дзеля муроў Афэла. 4 Ён пабудаваў таксама гарады ў гарах Юдэі, і ў лясах — крэпасці і вежы. 5 Ён ваяваў з царом сыноў Амона і перамог іх, і ў тым годзе далі яму аманіты сто талентаў срэбра ды дзесяць тысяч кораў пшаніцы і столькі ж кораў ячменю; падобна плацілі яму аманіты ў другім і трэцім годзе. 6 І ўзмацаваўся Ёатам, бо ішоў дарогамі сваімі перад Госпадам, Богам сваім. 7 А астатнія дзеянні Ёатама і ўсе яго войны ды дарогі запісаны ў Кнізе цароў Ізраэля і Юдэі. 8 Меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом ды шаснаццаць гадоў цараваў ён у Ерузаліме. 9 І супачыў Ёатам са сваімі бацькамі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда; і па ім царом быў Ахаз, сын яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)