Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЛЕТАПІСАЎ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 А супачыў Абія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда; і па ім цараваў Аса, сын яго. У яго дні быў супакой на зямлі дзесяць гадоў.

2 Аса ж рабіў усё, што было добрым і мілым перад абліччам Госпада, Бога яго; і перакуліў ён ахвярнікі чужога рытуалу і ўзгоркі,

3 і пабіў ідалаў, і пассякаў слупы,

4 і прыказаў Юдзе прызнаваць Госпада, Бога бацькоў сваіх, і спаўняць закон ды ўсе прыказанні.

5 І выкінуў з усіх гарадоў Юдэі ўзгоркі, і курыльніцы для духмянасцей, і цараваў у супакоі.

6 Таксама пабудаваў умацаваныя гарады ў Юдзе, бо быў супакой на зямлі, і ў яго час не ўзнікалі ніякія войны, бо надзяліў яе Бог супакоем.

7 Сказаў ён Юдэі: «Адбудуем гэтыя гарады ды абвядзём мурамі, і ўмацуем вежамі, і брамамі, і заваламі пакуль жывём без войнаў; бо мы туліліся да Госпада, Бога нашага, і Ён прыхільны быў да нас, і даў нам адусюль супакой». Дык адбудаваліся яны і жылі шчасліва.

8 А Аса меў войска з Юдэі, узброенае шчытамі і дзідамі, — трыста тысяч; з пакалення ж Бэньяміна ўзброеных шчытамі і дзідамі — дзвесце восемдзесят тысяч: усе яны былі наймужнейшымі ваярамі.

9 А выйшаў супраць іх вайной Зара, этыёп з войскам у мільён, і з трымастамі калясніцамі і дайшоў аж да Марэсы.

10 Затым Аса выйшаў яму насустрач і выстраіліся яны да бою ў даліне блізка да Марэсы,

11 і прызваў Аса Госпада, Бога свайго, і сказаў: «Госпадзе, для Цябе ніякай розніцы, ці Ты дапаможаш моцнаму, ці бяссільнаму; дапамажы нам, Госпадзе, Божа наш. У Табе бо і ў Тваім імю маючы надзею, выйшлі мы супраць такой вялікай сілы. Госпадзе, Ты Бог наш, не пераможа Цябе чалавек».

12 Дык пабіў Госпад этыёпцаў перад абліччам Асы і Юдэі, і этыёпцы ўцяклі.

13 І гнаўся за імі Аса і народ, які з ім быў, аж да Герара; і палі этыёпцы аж да вынішчэння, бо былі знішчаны Госпадам і Яго баявым войскам. Такім чынам, узялі многа здабычы

14 і здабылі ўсе гарады вакол Герара: бо ахапіў іх вялікі страх Госпадаў. І абрабавалі ўсе гарады, і прынеслі вялікую здабычу.

15 І разбурылі шалашы стадаў і забралі незлічонае мноства авечак і вярблюдаў, а затым вярнуліся ў Ерузалім.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы