2 КАРЫНФЯНАЎ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Аб паслузе, якая робіцца для святых, лішне мне пісаць вам, 2 бо ведаю пра вашу ахвоту, дзеля якой хвалюся вамі сярод мацэдонцаў, што Ахая прыгатавана ад мінулага года, і так ваша руплівасць заахвоціла многіх. 3 Паслаў жа я братоў, каб у гэтым выпадку мая пахвальба вамі не была пустой, але, як ужо казаў, былі вы прыгатаванымі. 4 Бо, калі прыйдуць са мною мацэдонцы і застануць вас непрыгатаванымі, каб мы не асароміліся, – не буду казаць «вы», – пахваліўшыся з гэткаю пэўнасцю. 5 Дык вось, палічыў я патрэбным прасіць братоў, каб яны выйшлі да вас перад намі ды загадзя паклапаціліся пра абяцанае вамі дабраславенства, каб было яно прыгатавана так, як дабраславенства, а не як прымус. 6 Бо так ёсць: хто скупа сее, той скупа і сажне, а хто шчодра сее, той шчодра і жаць будзе. 7 Таму хай кожны мяркуе па сваім сэрцы, не шкадуючы і не змушаючы сябе, бо таго, хто з радасцю дае, любіць Бог. 8 Магутны Бог можа шчодра ўзбагаціць вас усякімі ласкамі, каб усюды і ва ўсім мелі вы усякі дастатак ды каб вы былі багатыя на ўсякую добрую справу, 9 як напісана: «Падзяліў ён, даў убогім, справядлівасць яго трывае ў векі вечныя». 10 А Той, Хто дае насенне сейбіту, дасць і хлеб для яды, ды зерне ваша размножыць, і павялічыць ураджай справядлівасці вашай, 11 каб вы былі багатыя ўсім, поўныя шчодрасці, якая праз нас учыняе падзяку Богу, – 12 бо выкананне гэтага служэння не толькі папаўняе тое, чаго не хапае святым, але і багатае многімі падзякамі Богу. 13 Дык, дасведчыўшы такое служэнне, яны хваляць Бога за тое, што вы паслухмяныя ў вашым вызнанні Евангелля Хрыста, ды за шчырую лучнасць з імі і з усімі, 14 і ў сваіх маленнях за вас выяўляюць прыхільнасць да вас дзеля шчодрай у вас ласкі Бога. 15 Хай будзе падзяка Богу за невымоўны дар Яго! |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)