2 КАРЫНФЯНАЎ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Паведамляем вам, браты, пра тую ласку Божую, што была дадзена цэрквам мацэдонскім, 2 як у цяжкім выпрабаванні прыгнётам вялікая радасць іх і надзвычайная беднасць іх выявілася багаццем прастаты. 3 Яны, сведчу, па магчымасці, ды нават звыш магчамасці, былі добраахвотнымі, 4 вельмі прасілі нас прыняць дар і супольнасць служэння для святых. 5 І яны звыш нашага спадзявання ахвяравалі сябе саміх найперш Госпаду, а затым нам па волі Божай. 6 Дзеля таго мы прасілі Ціта, каб ён, як гэта ўжо пачаў, так і завяршыў гэтую ласку і ў вас. 7 І як вы ва ўсім былі багатымі, у веры, у слове, у ведах, ва ўсякай руплівасці, у любові сваёй да нас, каб і ў гэтай ласцы былі багатымі. 8 Кажу гэта не як загад, але выпрабоўваючы руплівасцю іншых прыроджаную дабрачыннасць вашай любові. 9 Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які, будучы багатым, дзеля вас стаўся бедным, каб Сваёю беднасцю вас узбагаціць. 10 І я даю параду ў гэтым. Бо гэта карысна для вас, якія не толькі рабіць, але і хацець перш пачалі ў мінулым годзе. 11 Давядзіце цяпер гэтую справу да канца, каб, чаго ахвотна жадалі, выканалі паводле таго, што маеце. 12 Бо калі ёсць ахвота, яна выяўляецца па тым, хто што мае, а не па тым, чаго хто не мае. 13 Бо не на тое, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасць. 14 Хай цяпер ваша багацце пакрые іх нястачу, каб таксама іх багацце ў свой час дапоўніла вашу нястачу, каб так была роўнасць, 15 як напісана: «Хто сабраў многа, не меў лішняга, а хто мала – не меў нястачы». 16 Дзякуй Богу, які ў сэрцы Ціта абудзіў такую руплівасць пра вас, 17 бо не толькі прыняў маю просьбу, але, будучы вельмі дбалым, добраахвотна выбраўся да вас. 18 Разам з ім паслалі мы брата, што славіцца за абвяшчэнне Евангелля па ўсіх цэрквах, 19 і не толькі гэта, але ён цэрквамі прызначаны быць таварышам нашага падарожжа з гэтай ласкай, якою мы служым на славу Госпада і дбаласці вашай, 20 высцерагаючыся, каб нас хто не дакараў дзеля такога мноства даручанага нашаму служэнню. 21 Бо мы дбаем аб добрым не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі. 22 І паслалі мы з імі брата нашага, дбайнасць якога шмат у чым выпрабавалі і які цяпер яшчэ больш дбайны дзеля вялікага спадзявання на вас. 23 Што да Ціта, дык ён – мой таварыш і для вас памочнік; а браты нашы – пасланцы цэркваў, слава Хрыста. 24 Дык пакажыце ім доказ вашай любові і нашай пахвальбы вамі перад абліччам цэркваў. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)