Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 КАРЫНФЯНАЎ 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Мы, як супрацоўнікі, заклікаем вас, каб вы не надарма прынялі ласку Божую,

2 бо Ён кажа: «У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе». Вось, цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўлення!

3 Не даючы нікому магчымасці спатыкнення, каб не глуміліся са служэння,

4 але ва ўсім мы яўляем сябе паслугачамі Бога: у вялікай цярплівасці, у горы, у нястачы, ва ўцісках,

5 пад ударамі, у вязніцах, у забурэннях, у спрацаванасці, у недаспаннях, у пастах,

6 у чыстасці, у мудрасці, у вялікадушнасці, у дабрыні, у Духу Святым, у непадробнай любові,

7 у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і левай руцэ,

8 у пашане і ў ганьбе, у знеслаўленні і ў добрай славе; нібы ашуканцы, ды праўдамоўныя,

9 быццам няведамыя, ды вядомыя, быццам паміраючыя, а, вось, жывём, быццам караныя, але не забітыя на смерць,

10 як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога не маюць, а ўсім валодаюць.

11 Вусны нашы адкрыліся да вас, карынцяне, наша сэрца пашырылася.

12 Вам не цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах.

13 Уздайце нам тым самым спосабам, як да сваіх дзяцей кажу: адкрыйцеся і вы.

14 Не запрагайцеся з няверуючымі ў адно ярмо. Бо што мае агульнага справядлівасць з несправядлівасцю? Або якая супольнасць святла з цемраю?

15 Або якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая лучнасць веруючага з няверуючым?

16 Або якое суладдзе святыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсць святыня Бога жывога, як кажа Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.

17 Таму выйдзіце з іх асяроддзя і адлучыцеся ад іх, – кажа Госпад, – і не дакранайцеся да нячыстага, і Я вас прыму,

18 і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі – кажа Госпад Усемагутны».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы