2 КАРЫНФЯНАЎ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дзеля таго, маючы гэтае паслугаванне, як памілаваныя, мы не падаем духам, 2 але мы стрымліваемся ад скрытых учынкаў сораму, не кідаемся ў хітрыкі ды не фальшуем слова Божага, але адкрытым вяшчэннем праўды прадстаўляем сябе перад Богам сумленню кожнага чалавека. 3 Калі наша Евангелле засланёна, дык засланёна для тых, што гінуць, 4 для няверуючых, якім бог гэтага свету засляпіў розум, каб не заззяла ім святло дабравесця славы Хрыста, Які ёсць вобраз Бога. 5 Бо мы не саміх сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы – вашы паслугачы праз Ісуса. 6 Бо Сам Бог, Які загадаў: «З цемры заззяць святлу», асвяціў нашы сэрцы, каб асвяціць нас пазнаннем хвалы Божай у вобліку Ісуса Хрыста. 7 І мы гэты скарб захоўваем у гліняных пасудзінах, каб была велічнасць магутнасці Божай, ды не ад нас. 8 Мы ва ўсім церпім прыцясненне, але не прыдушаны; жывём у нястачах, але не ў роспачы; 9 церпім пераследаванні, але не пакінуты; мы павалены, але не гінем; 10 заўсёды носім у целе нашым мёртвасць Госпада Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў целе нашым. 11 Бо мы, якія жывём, заўсёды аддаёмся на смерць дзеля Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў нашым смяротным целе. 12 Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё – у вас. 13 А маючы такі самы дух веры, аб якім напісана: «Я паверыў, і таму прамовіў», і мы верым, і таму гаворым, 14 ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, таксама і нас уваскрасіць праз Ісуса ды паставіць разам з вамі. 15 Бо ўсё гэта дзеля вас, каб шчодрасць ласкі тым большую выклікала ў многіх удзячнасць на славу Бога. 16 Таму мы і не падаем духам, бо хоць наш чалавек, той, што звонку, знішчаецца, аднак той, што ўнутры, з дня на дзень аднаўляецца. 17 Бо караткачасовае, лёгкае гора наша творыць нам важкую славу ў празмерным вечным узвышэнні. 18 Бо мы не глядзім на тое, што бачнае, але на тое, што нябачнае, бо бачныя рэчы – часовыя, а нябачныя – вечныя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)