2 КАРЫНФЯНАЎ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Я пастанавіў сам у сабе, каб не ісці да вас зноў у смутку, 2 бо, калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі не той, хто быў мною засмучаны? 3 І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, не мець смутку ад тых, ад якіх належала радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасць для ўсіх вас. 4 Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са слязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я, асабліва ж да вас. 5 Калі хто засмуціў, то не мяне засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас. 6 Такому хопіць кары, вызначанай большасцю, 7 але лепш, каб вы такому даравалі ды суцешылі, каб празмерная згрызота яго не ахапіла. 8 Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў. 9 З гэтаю мэтаю я пісаў, каб спазнаць вашу выпрабаванасць, ці ва ўсім вы паслухмяныя. 10 Каму вы даруеце, таму і я; бо і я, калі каму што дараваў, дык дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыста, 11 каб не звёў нас шатан, бо думкі яго добра нам вядомы. 12 Калі я прыбыў у Трааду дзеля дабравесця Хрыстова і брама была мне адкрыта ў Госпадзе, 13 я не меў супакою духу майму, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я развітаўся з імі і падаўся ў Мацэдонію. 14 Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысце заўсёды ды праз нас ва ўсякім месцы выяўляе водар пазнання Свайго. 15 Мы, вось, мілы Богу водар Хрыстоў сярод тых, што дасягаюць збаўлення, і сярод тых, што гінуць: 16 для адных – водар смерці на смерць, а для другіх – водар жыцця на жыццё. І хто здатны на гэта? 17 Бо мы не фальшуем Слова Божага, як многія, але прамаўляем шчыра, як ад Бога на віду Бога ў Хрысце. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)