2 КАРЫНФЯНАЎ 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вось, я ўжо трэці раз выбіраюся да вас: «На вуснах двух або трох сведкаў угрунтуецца ўсякая справа». 2 Сказаў я ўжо і паўтараю, як быўшы ў вас за другім разам і непрысутны цяпер, тым, што ўжо раней зграшылі, ды ўсім іншым, што, калі зноў прыбуду, не пашкадую, 3 бо вы шукаеце доказаў на тое, ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які не слабы адносна вас, але моцны ў вас. 4 Хоць Ён быў укрыжаваны ў кволасці, аднак жыве моцай Божай. І мы таксама бяссільныя ў Ім, але жыць будзем з Ім моцай Божай у вас. 5 Самі сябе даследуйце, ці трымаецеся веры; самі сябе выпрабуйце. Ці не ведаеце аб саміх сабе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя? 6 Спадзяюся, што пазнаеце, што мы не нягодныя. 7 Таму просім Бога, каб вы нічога благога не рабілі, не дзеля таго, каб мы паказаліся годнымі, але дзеля таго, каб вы рабілі дабро, а мы былі быццам бы нягодныя. 8 Бо не можам нічога супраць праўды, але для праўды. 9 Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым жа і молімся – аб вашай дасканаласці. 10 Таму, вось, адсутны, я пішу, каб прысутны ў вас не мусіў паступаць больш сурова, па ўладзе, якую даў мне Госпад на збудаванне, а не на руйнаванне. 11 Урэшце, браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайце адзін аднаго, будзьце адной думкі, майце супакой, і Бог любові і супакою хай будзе з вамі. 12 Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя. 13 Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасць Духа Святога з усімі вамі. Амін. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)