2 КАРЫНФЯНАЎ 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 О, каб вы маглі сцярпець крыху маю неразумнасць! Але ж вы і церпіце мяне! 2 Бо руплюся я дзеля вас Божаю руплівасцю, бо заручыў я вас з адным мужам, каб завесці да Хрыста, як чыстую дзявіцу. 3 Але баюся, каб, як змей звёў Еву сваёю хітрасцю, гэтак і вашы думкі не адвярнуліся ад прастаты і чысціні, якая ў Хрысце. 4 Бо калі б хто прыйшоў і стаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, або калі б вы прынялі іншага духа, якога вы не прынялі, або іншае евангелле, якое не атрымалі, – вы б цярпліва зносілі. 5 Але я думаю, што і я зрабіў не менш за вялікіх Апосталаў, 6 бо хоць я не вопытны ў слове, але не ў ведах, і мы ў кожным і ва ўсім адкрыліся вам. 7 Ці ж я зграшыў, паніжаючы сябе, каб павысіць вас, бо прынёс вам дарма Евангелле Божае? 8 Абіраў я іншыя цэрквы, беручы на пражытак дзеля служэння вам. 9 І, калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, нікому не быў я цяжарам, бо калі мне чаго не хапала, дык дапаўнялі браты, што прыйшлі з Мацэдоніі; і нічым не абцяжарваў вас і не буду абцяжарваць. 10 Як Хрыстова праўда ўва мне, так гэтае пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў землях Ахаі. 11 Чаму? Ці, можа, таму, што вас не люблю? Бог ведае! 12 Што я раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, хто шукае поваду; каб аказаліся і мы такімі, з чаго яны выхваляюцца. 13 Бо тыя фальшывыя апосталы – гэта крывадушныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Хрыстовымі Апосталамі. 14 Ды не дзіва, бо нават сам шатан прыкідваецца анёлам святла. 15 Таму нічога незвычайнага, што і яго паслугачы прыкідваюцца паслугачамі справядлівасці, але канец іх будзе паводле іх учынкаў. 16 І зноў кажу: хай ніхто не лічыць мяне за неразумнага! У адваротным выпадку прыміце мяне, хоць як неразумнага, каб мог і я хоць крыху пахваліцца. 17 Што гавару, тое гавару не паводле Госпада, але як бы ў неразумнасці ў гэтай адвазе пахвалы. 18 Калі вось многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца. 19 Бо ахвотна вы церпіце неразумных, хаця самі разумныя. 20 Церпіце, калі хто бярэ вас у няволю, калі хто вас аб’ядае, калі хто абірае, калі хто над вамі ўзносіцца, калі хто б’е вас па твары. 21 Кажу гэта на сорам, як быццам мы нядужыя былі; нехта мае ў гэтым адвагу, – кажу ў неразумнасці, – дык і я адважуся. 22 Яны гебраі? Дык і я! Яны ізраэльцы? Дык і я! Яны семя Абрагама? Дык і я! 23 Паслугачы Хрыста? Здурэўшы кажу – дык і я куды больш: у большай спрацаванасці, у шматлікіх вязніцах, звыш меры ў плягах, часта пры смерці; 24 ад юдэяў пяць разоў атрымаў па сорак удараў без аднаго, 25 тры разы быў біты палкамі, раз каменаваны, тройчы пацярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень быў у марской глыбіні. 26 Часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад разбойнікаў, у небяспеках ад народа, у небяспеках ад паганаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустыні, у небяспеках на моры, у небяспеках ад фальшывых братоў, 27 у працы і знямозе, у частым чуванні, у голадзе і смазе, у многіх пастах, у холадзе і галізне, 28 і, апрача ўсяго іншага, штодзённы збор дзеля настаўніцтва ў мяне, клопат пра ўсе цэрквы. 29 Хто знемагаецца, а я не знемагаюся? Хто горшыцца, каб я не гарэў? 30 Калі належыць хваліцца, буду і я хваліцца са сваіх немачаў. 31 Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславёны навекі, ведае, што я не хлушу. 32 У Дамаску намеснік цара Арэты пільнаваў горад дамасцаў, каб мяне схапіць, і ў кашы спусцілі мяне цераз мур з акна, і так я ўцёк з рук яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)