Biblia Todo Logo
Біблія онлайн

- Аб'явы -

Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне

2-я Кніга Макабэяў 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Калі ў святым горадзе жылі ў поўным супакоі, і законы як мага лепш пільнаваліся, таму што першасвятар Онія быў пабожны ды ненавідзеў ліха,

2 здаралася, што нават цары аказвалі пашану гэтаму месцу, і святыню ўшаноўвалі самымі вялікімі дарункамі.

3 так што Сэлеўк, цар Азіі, з даходаў сваіх пакрываў таксама ўсе расходы на службы, што тычыліся ўскладання ахвяр.

4 Аднак Сімон з пакалення Бэльгі, пастаўлены загадчыкам святыні, спрачаўся з першасвятаром пра ўладу ў горадзе.

5 І, не могучы нічым пашкодзіць Онію, прыйшоў да Апалонія, сына Тарсіі, які ў той час быў кіраўніком войск Цэлесірыі і Фэніцыі,

6 і паведаміў аб тым, што скарбоўня ў Ерузаліме поўная незлічоных багаццяў ды так шмат, што не пералічыць, і няма ў іх патрэбы для ўскладання ахвяр; але ёсць магчымасць, каб гэта трапіла пад уладу цара.

7 Апалоній жа ў размове з царом паведаміў яму аб адзначаных скарбах; той жа, паклікаўшы Гэліёдара, кіраўніка над гэтымі справамі, паслаў, даўшы загады, як названыя грошы прывезці.

8 І Гэліёдар зараз жа выбраўся ў дарогу, як быццам наведаць гарады Цэлесірыю і Фэніцыю, а ў сапраўднасці, каб здзейсніць намер цара.

9 Але калі прыбыў у Ерузалім і спагадна быў прыняты першасвятаром горада, сказаў аб указанні, якое было зроблена, і выявіў прычыну, дзеля якой прыбыў; дапытваўся, прытым, ці сапраўды справа ў такім стане.

10 Першасвятар растлумачыў тады, што гэта аддадзеная на захаванне маёмасць удоў і сірот,

11 а частка – Гіркана Тобіі, паважанага вельмі чалавека, дык справа не такая, як данёс бязбожнік Сімон; усяго ж чатырыста талентаў срэбра і дзвесце золата;

12 што зусім немагчыма падманваць тых, хто паверыў у святасць месца, і ў нязменную павагу, і клопат пра святыню, якая ўшанаваная ва ўсім свеце.

13 А ён з-за гэтых царскіх загадаў, якія меў, упэўнена заяўляў, што гэта мусіць быць аддадзена ў царскую скарбоўню.

14 А ў вызначаны дзень увайшоў, каб прыгатаваць спіс тых багаццяў. Запанавала ж ва ўсім горадзе трывога.

15 А святары ў святарскіх шатах упалі перад ахвярнікам і прызывалі ў небе Таго, Хто ўстанавіў закон аб аддадзенай на захаванне маёмасці, каб гэтыя скарбы збярог у цэласці для тых, што іх аддалі на захаванне.

16 У таго ж, хто ўзглядваў на твар першасвятара, уздрыгвала сэрца; выгляд бо яго і твар збялелы выяўлялі ўнутранае мучэнне душы.

17 Бо чалавека ахапіў нейкі жах і ўздрыгванні цела, так што боль, перажываны ў сэрцы, быў відавочны для тых, хто [на яго] глядзеў.

18 Іншыя ж грамадою выходзілі з дамоў, каб разам маліцца, бо месца мела быць спаганена.

19 Жанчыны, падперазаныя зрэбніцамі ніжэй грудзей, запаўнялі вуліцы; але і замкнёныя дасюль дзяўчаты адны пабеглі да брам, іншыя ж – на муры, а некаторыя выглядалі праз вокны;

20 а ўсе яны выцягвалі рукі ў неба з мальбою.

21 Жалоба брала да грамады змешанай, што падала на калені, і да першасвятара, які ў вялікіх душэўных муках быў прызначаны на чаканне.

22 І ў час, калі маліліся да Усемагутнага Госпада, каб даручаныя грошы захаваў некранутымі для тых, якія іх даручылі, Ён захоўваў іх з усёй руплівасцю.

23 Гэліёдар жа здзяйсняў, што было яму даручана.

24 Калі ён з памочнікамі быў ля скарбоўні – Госпад Духаў Усёмагутны ўчыніў вялікае відовішча, так што ўсе, якія адважыліся прыйсці, паражоныя моцай Божай, навярталіся ў кволасць ды трывогу.

25 Бо паказаўся ім якісьці конь, што меў ездака страшнага, і пакрыты надта прыгожым покрывам; конь, кінуўшыся раптоўна, павіс над Гэліёдарам пярэднімі капытамі, а коннік паказаўся ў залатой зброі.

26 Таксама паказаліся яму два іншыя юнакі, годныя дзеля мудрасці, надзвычайныя дзеля славы і ў прыгожым адзенні, якія нават сталі з абодвух бакоў ад яго і бесперапынна лупцавалі яго, наносячы яму многа ўдараў.

27 А ён адразу ж паваліўся на зямлю; і вялікая цемра ахутала яго, і забралі яго, і паклалі на насілкі;

28 і таго, хто са шматлікай дружынай і вартай увайшоў у скарбоўню, аб якой гаварылася раней, неслі, бо меў патрэбу ў дапамозе ваяроў, пакладзенага, пазнаўшага выразна моц Божую.

29 І прытым ён з-за моцы Божай ляжаў нямы, пазбаўлены ўсякай надзеі і ратунку;

30 а тыя праслаўлялі Госпада, Які ўслаўляў месца Сваё; святыня, якая нядаўна была поўная страху і жаху, напоўнілася радасцю і шчасцем, калі з’явіўся Усемагутны Госпад.

31 А некаторыя з прыяцеляў Гэліёдара адразу ж прасілі Онію, каб прызываў Найвышэйшага, каб дараваў жыццё яму, які быў пакладзены амаль паміраючым.

32 А першасвятар, баючыся, каб цар не падумаў, што юдэі зрабілі Гэліёдару штосьці ліхое, прынёс ахвяру за збаўленне гэтага чалавека.

33 І калі першасвятар складаў ахвяру, гэтыя самыя юнакі, апранутыя ў тыя самыя адзенні, паказаліся зноў Гэліёдару ды, спыніўшыся, сказалі: «Вялікую падзяку акажы першасвятару, бо дзеля яго дараваў табе Госпад жыццё;

34 ты ж, адлупцаваны з неба, абвясці ўсім народам вялікую моц Божую». І, сказаўшы гэта, яны зніклі.

35 Гэліёдар жа, усклаўшы ахвяру Госпаду ды вялікія абяцанні прырокшы Таму, Хто яму дараваў жыццё, падзякаваў Онію і з войскам адправіўся да цара;

36 а перад усімі сведчыў аб тых справах Найвялікшага Бога, якія бачыў ён сваімі вачамі.

37 Калі ж цар спытаў Гэліёдара, хто быў бы здольны, каб яшчэ раз паслаць яго ў Ерузалім, то ён адказаў:

38 «Калі маеш нейкага ворага або інтрыгана ў справах, то пашлі яго туды, і атрымаеш яго адлупцаванага, калі толькі выратуецца, – бо на тым месцы сапраўды дзейнічае нейкая моц Божая;

39 і Той, Хто пражывае ў небе, ёсць вартаўнік і ўспаможца таго месца ды прыходзячых з ліхім намерам карае і забівае».

40 Вось так закончылася справа з Гэліёдарам ды з захаваннем скарбоўні.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы