Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЦАРСТВАЎ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І было слова Самуэля да ўсяго Ізраэля. І сталася ў тыя дні, што прыйшлі філістынцы ваяваць; і выйшаў Ізраэль на бой з філістынцамі, і расклаўся лагерам каля Абэн-Эзэра. Філістынцы ж прыйшлі ў Афэк і выстраіліся ў баявым парадку супраць Ізраэля.

2 Калі ж пачаўся бой, ізраэльцы сталі адступаць перад філістынцамі; і загінула ў тым баі на палях каля чатырох тысяч ваяроў.

3 І вярнуўся народ у лагер, і старэйшыны Ізраэля казалі: «Чаму ўдарыў сёння нас Госпад перад філістынцамі? Давайце прынясём з Сіло каўчэг запавету Госпада, і хай прабывае сярод нас, каб ратаваў Ён нас ад рук ворагаў нашых».

4 Дык паслаў народ у Сіло, і прынеслі адтуль каўчэг запавету Госпада Магуццяў, Які сядзеў на херубінах. Пры каўчэгу запавету Бога былі два сыны Гэлі: Хофні і Пінхас.

5 І калі прыбыў каўчэг запавету Госпада ў лагер, загаманіў увесь Ізраэль вялікім гоманам і задрыжала зямля.

6 І гук крыку пачулі філістынцы і пыталіся: «Што гэта за гук крыку вялікага ў лагеры гебраяў?» І даведаліся, што каўчэг Госпада прыбыў у лагер.

7 І перапалохаліся філістынцы, кажучы: «Прыбыў Бог у лагер!» І загаманілі ад страху, кажучы: «Гора нам! Бо не было такой радасці ні ўчора, ні заўчора.

8 Гора нам! Хто нас уратуе ад рукі гэтых узвышніх багоў? Гэта тыя самыя багі, якія ўдарылі Егіпет усякай плягай у пустыні.

9 Умацуйцеся і будзьце мужнымі, філістынцы, каб не служылі вы гебраям, як яны служылі вам. Будзьце мужчынамі і ваюйце!»

10 І ваявалі філістынцы, і перамаглі Ізраэль, і кожны ўцёк у сваю палатку; і сталася кара гэтая надта вялікая, і ў Ізраэля палегла трыццаць тысяч пяхоты.

11 І каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Гэлі Хофні і Пінхас, памерлі забітыя.

12 Адзін бэньямінец, што ўцёк з бою, дабраўся ў Сіло ў той дзень у раздзёртым адзенні і з абсыпанай пылам галавою.

13 Калі ён прыбег, Гэлі сядзеў на крэсле каля брамы, гледзячы на дарогу; бо трывожылася сэрца яго дзеля каўчэга Божага. Чалавек жа той, што прыйшоў, паведаміў гораду, і ўвесь горад загаласіў.

14 І пачуў Гэлі гук крыку, і спытаўся: «Што азначае гармідар гэты?» А той чалавек паспяшаўся, і прыйшоў і паведаміў Гэлі.

15 А Гэлі меў дзевяноста восем гадоў, і вочы яго аслабелі, і ён не мог бачыць.

16 І ён сказаў Гэлі: «Я той, што прыбыў з месца бою, і я той, што вырваўся сёння з баявога строю». Ён яму сказаў: «Што сталася, сын мой?»

17 Адказваючы ж, той, хто паведамляў, сказаў: «Ізраэльцы ўцяклі перад філістынцамі, і вялікая пагібель сталася ў народзе; акрамя таго, і абодва сыны твае памерлі, Хофні і Пінхас, і каўчэг Божы ўзяты».

18 І калі сказаў пра каўчэг Божы, Гэлі зваліўся з крэсла назад каля брамы і, зламаўшы сабе карак, памёр; бо ён быў чалавек стары і цяжкі; ён судзіў Ізраэль сорак гадоў.

19 А яго нявестка, жонка Пінхаса, была цяжарнай і мела хутка радзіць. І, калі даведалася, што каўчэг Божы ўзяты і што яе свёкар і яе муж памерлі, скурчылася і нарадзіла; бо прыйшлі на яе родавыя болі.

20 І калі канала, казалі ёй жанчыны, якія стаялі вакол яе: «Не бойся, ты нарадзіла сына». Яна не адказала ім, ані звярнула на іх увагі.

21 І назвала хлапчаня Іхабод, кажучы: «Адышла слава ад Ізраэля!» з прычыны ўзяцця каўчэга Божага, і з-за свёкра свайго, і з-за мужа свайго.

22 І сказала: «Адышла слава ад Ізраэля, бо ўзяты каўчэг Божы».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы