1 ЦАРСТВАЎ 28 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А ў тыя дні сталася, што сабралі філістынцы дружыны свае, каб падрыхтаваць іх да вайны супраць Ізраэля. І Ахіс сказаў Давіду: «Ведаючы, ведай цяпер, што ты пойдзеш са мною ў лагер, ты і людзі твае». 2 І сказаў Давід Ахісу: «Таму і ты даведаешся, што будзе рабіць паслугач твой». І Ахіс сказаў Давіду: «Таму стаўлю я цябе ахоўнікам галавы маёй на ўсе дні». 3 А Самуэль памёр; і плакаў па ім увесь Ізраэль, і пахавалі яго ў горадзе яго, у Раме. І Саўл прагнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны. 4 І філістынцы сабраліся і прыйшлі, і сталі лагерам у Сунаме. А Саўл таксама сабраў увесь Ізраэль і расклаўся лагерам у Гэльбоэ. 5 І паглядзеў Саўл на лагер філістынцаў, і спалохаўся, і надта задрыжэла ў ім сэрца. 6 І пытаўся ён у Госпада, і Ён яму не адказаў, ані праз сон, ані праз урым, ані праз прарокаў. 7 І сказаў Саўл паслугачам сваім: «Пашукайце мне жанчыну, якая выклікае духаў; і я пайду да яе, і запытаюся праз яе». І паведамілі яму паслугачы яго: «Ёсць жанчына, якая выклікае духі, у Эн-Доры». 8 І змяніў Саўл адзенне сваё, і апрануўся ў іншае адзенне, і пайшоў сам, а разам з ім двое мужчын; і прыйшлі яны да той жанчыны ноччу, і кажа ёй Саўл: «Паваражы мне і выкліч мне таго, каго я табе скажу». 9 І жанчына кажа яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўл і як ён выгнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны; дык чаму цікуеш ты на маё жыццё, каб забіць мяне?» 10 І Саўл прысягнуў ёй Госпадам, кажучы: «Жыве Госпад, бо не будзе табе нічога благога з-за гэтай справы». 11 І запыталася ў яго жанчына: «Каго выклікаць табе?» Ён сказаў: «Выкліч мне Самуэля». 12 Калі жанчына ўбачыла Самуэля, усклікнула моцным голасам і сказала Саўлу: «Чаму ты мяне падмануў? Бо ты — Саўл!» 13 І сказаў ёй цар: «Не бойся. Што ты бачыш?» І жанчына кажа Саўлу: «Бачу чалавека Божага, што выходзіць з зямлі». 14 І ён сказаў ёй: «Як ён выглядае?» Сказала яна: «Стары чалавек выходзіць, і апрануты ён у плашч». Зразумеў Саўл, што гэта Самуэль, і ўпаў перад ім тварам сваім да зямлі, і пакланіўся. 15 А Самуэль сказаў Саўлу: «Чаму ты не даеш мне супакою і турбуеш мяне?» І Саўл сказаў: «Я знаходжуся ў вялікім горы. Бо філістынцы ваююць супраць мяне, і Бог адступіўся ад мяне і не жадае слухаць мяне, ані праз прарокаў, ані праз сон; дык я паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што я маю рабіць». 16 І кажа Самуэль: «Навошта ты пытаешся ў мяне, калі Госпад адступіўся ад цябе і стаўся ворагам тваім? 17 Бо зрабіў Госпад так, як казаў праз мяне; і Ён забраў царства з рукі тваёй і аддаў яго блізкаму твайму, Давіду, 18 бо ты не слухаў голас Госпада і не споўніў лютага гневу Яго ў адносінах да Амалека. Таму ты церпіш тое, што ўчыніў табе Госпад сёння. 19 І аддасць Госпад таксама Ізраэль разам з табою ў рукі філістынцаў; заўтра ж ты і сыны твае будзеце са мною, але і лагер Ізраэля аддасць Госпад у рукі філістынцаў». 20 І адразу ж Саўл упаў усім целам на зямлю; бо ахапіў яго жах з-за слоў Самуэля, і пакінула яго сіла, бо не еў ён хлеба ўвесь дзень той і ўсю тую ноч. 21 І падышла тая жанчына да Саўла, і ўбачыла, што ён надта перапалоханы; і сказала яму: «Вось, паслугачка твая паслухала размову тваю, і паклала душу сваю ў руку тваю, і паслухалася загаду твайго, які ты мне даў. 22 Дык цяпер і ты паслухай голасу паслугачкі сваёй, каб я паклала перад табою лусту хлеба і каб ты, з’еўшы яе, паздаравеў і змог выбрацца ў дарогу». 23 Ён адмовіўся і казаў: «Не буду есці». А паслугачы яго і жанчына тая ўпрошвалі яго; і ён, нарэшце, паслухаўшы слоў іх, падняўся з зямлі і сеў на ложку. 24 Жанчына ж тая мела кормнае цяля ў доме, і яна паспяшалася і зарэзала яго, і, узяўшы муку, яна рашчыніла яе і напякла праснакоў. 25 І палажыла ўсё гэта перад Саўлам і перад паслугачамі яго. Калі яны пад’елі, яны сабраліся і адышлі ў тую ж самую ноч. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)