1 ЦАРСТВАЎ 24 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Такім чынам, Давід адышоў адтуль і абжыўся ў месцах самых недасягальных у Эн-Гадзі. 2 І калі вярнуўся Саўл з пагоні за філістынцамі, паведамілі яму, кажучы: «Вось, Давід у пустыні Эн-Гадзі». 3 Дык Саўл, узяўшы тры тысячы ваяроў, адабраных з усяго Ізраэля, пайшоў, каб шукаць Давіда і яго людзей ля скал Дзікіх Коз. 4 І прыйшоў ён да загародкаў авечых пры дарозе. І была там пячора, у якую ўвайшоў Саўл для сваёй патрэбы; а тым часам Давід і яго людзі хаваліся ў глыбіні пячоры. 5 І казалі ваяры Давіда яму: «Вось дзень, аб якім казаў табе Госпад: “Я выдам табе ворага твайго, і ты зробіш яму, як спадабаецца табе”». Устаў, такім чынам, Давід і адрэзаў цішком крысо плашча Саўлавага. 6 Потым задрыжэла сэрца Давіда, што адрэзаў крысо плашча Саўлавага, 7 і сказаў ён сваім людзям: «Хай Госпад будзе міласэрны да мяне, каб я не зрабіў такую рэч гаспадару майму, намашчэнцу Госпадаваму, каб не выцягнуў руку маю на яго, ён бо намашчэнец Госпадаў». 8 І стрымаў Давід ваяроў сваіх гэтымі словамі, і не дапусціў іх, каб яны напалі на Саўла. Тым часам Саўл, падняўшыся, выйшаў з пячоры і працягваў свой шлях. 9 Устаў таксама і Давід за ім і, выйшаўшы з пячоры, закрычаў ззаду за Саўлам, кажучы: «Гаспадару мой, цар!» І глянуў Саўл назад, і Давід, упаўшы тварам на зямлю, пакланіўся яму, 10 і сказаў Саўлу: «Навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: “Давід шукае зла для цябе”? 11 Вось, бачаць вочы твае, што Госпад выдаў цябе сёння ў пячоры ў рукі мае; і гаварылі мне, каб я забіў цябе, але пашкадавала цябе вока маё, бо я казаў: “Не падыму рукі маёй на гаспадара майго, бо ён — намашчэнец Госпадаў і бацька мой”. 12 А лепш пабач і пазнай крысо плашча твайго ў маёй руцэ, бо, калі я адрэзаў крысо плашча твайго, я не хацеў забіць цябе. Звярні ўвагу і пераканайся, што ў руцэ маёй няма зла і несправядлівасці і не зграшыў я супраць цябе; а ты цікуеш на жыццё маё, каб забраць яго. 13 Госпад будзе суддзёю паміж мной і табою, і хай адпомсціць Госпад табе за мяне; а я не выцягну рукі сваёй на цябе. 14 Як і ў старадаўняй прыказцы гаворыцца: “Ад бязбожнікаў бязбожнасць паходзіць” — а рука мая не звернецца супраць цябе. 15 Каго гоніць цар Ізраэля? Каго ты пераследуеш? Сабаку здохлага і адну блыху. 16 Хай Госпад будзе суддзёю і рассудзіць мяне і цябе, і хай убачыць і разбярэ справу маю, і вырве мяне з рукі тваёй». 17 Калі ж Давід скончыў гаварыць гэтыя словы Саўлу, Саўл сказаў: «Ці ж гэта твой голас, сын мой Давід?» І пачаў Саўл голасна плакаць. 18 І сказаў ён Давіду: «Ты за мяне справядлівейшы, бо ты аказваеш мне дабро, а я адплачваю табе ліхам. 19 І ты засведчыў сёння, што ставішся да мяне добра, бо калі Госпад выдаў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне. 20 Бо хто, спаткаўшы ворага свайго, пусціў бы яго ў добрую дарогу? Але хай Госпад аддасць табе за гэты выпадак, за тое, што ты сёння зрабіў адносна мяне. 21 І цяпер, бо я ведаю, што ты напэўна будзеш царом і будзеш мець у руцэ сваёй царства Ізраэльскае, 22 прысягні мне Госпадам, што не знішчыш нашчадкаў маіх пасля мяне і не сатрэш імя майго з роду бацькі майго». 23 І Давід прысягнуў Саўлу. Такім чынам, вярнуўся Саўл у дом свой, і Давід і людзі яго пайшлі ў горы, у месца недасяжнае. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)