Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЦАРСТВАЎ 20 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 А Давід уцёк з Наёта ў Раме, і дабраўся да Ёнатана, і сказаў яму: «Што я зрабіў, у чым мая віна і чым я зграшыў адносна бацькі твайго, што цікуе ён на маё жыццё?»

2 Ёнатан адказаў яму: «Не будзе гэтага, ты не памрэш; бо бацька мой не вырашае анічога важнага або няважнага, калі перш не параіцца са мною: такім чынам, навошта гэта ўтойваў бы ён ад мяне? Ніколі не будзе гэтага».

3 І зноў Давід адказаў і казаў: «Напэўна, ведае бацька твой, што ты да мяне спагадны, і сказаў: “Хай не даведаецца пра гэта Ёнатан, каб не сумаваў ён”. Але жыве Госпад, і жыве твая душа, бо толькі адзін крок аддзяляе мяне ад смерці».

4 І сказаў Ёнатан Давіду: «Што хоча душа твая, каб я зрабіў табе?»

5 А Давід сказаў Ёнатану: «Вось, заўтра маладзік, і я звычайна павінен сядзець каля цара на банкеце; такім чынам, дазволь мне, каб я схаваўся на полі аж да вечара трэцяга дня.

6 Калі запытаецца бацька твой пра мяне, адкажы яму: “Прасіў мяне Давід, каб хутка пайсці ў Бэтлехэм, у горад свой, бо там уся сям’я яго складае гадавыя ахвяры”.

7 Калі ён скажа: “Добра”, — будзе тады супакой паслугачу твайму; а калі разгневаецца, ведай, што нешта ліхое ён вырашыў зрабіць.

8 Такім чынам, акажы міласэрнасць паслугачу свайму, бо ты ўвёў паслугача свайго ў сяброўства з табою; калі ж я ў чым вінаваты, ты забі мяне, але да бацькі свайго не вядзі мяне».

9 І сказаў Ёнатан: «Ніякім чынам! Бо, калі сапраўды даведаюся, што бацька мой вырашыў зрабіць табе крыўду, не можа так стацца, каб табе аб гэтым не паведаміў».

10 І Давід адказаў Ёнатану: «Хто паведаміць мне, калі бацька твой часам жорстка адкажа табе?»

11 І Ёнатан сказаў Давіду: «Хадзі, выйдзем вонкі, у поле». І калі выйшлі яны ў поле абодва,

12 кажа Ёнатан Давіду: «Жыве Госпад, Бог Ізраэля, заўтра або паслязаўтра я вызнаю намер бацькі свайго амаль у гэты час, і калі што добрае будзе адносна Давіда, і я не пашлю да цябе адразу ж і не паведамлю табе,

13 то хай Ёнатану Госпад гэта зробіць і гэта павялічыць. А калі не спыніцца лютасць бацькі майго супраць цябе, то аб гэтым таксама паведамлю табе; адпушчу цябе, каб ты пайшоў у супакоі, і хай Госпад будзе з табою, як Ён быў з бацькам маім.

14 І калі я яшчэ буду жыць, ты акажаш мне міласэрнасць Госпада; а калі я памру,

15 ты не спыняй міласэрнасці сваёй адносна дому майго навечна; нават тады, калі Госпад выкарчуе ўсіх ворагаў Давіда з зямлі».

16 Заключыў Ёнатан сяброўства з домам Давіда, кажучы: «Хай Госпад будзе паведамлены аб справах ворагаў Давіда!»

17 І яшчэ раз Ёнатан прысягнуў Давіду любоўю сваёю; бо ён так палюбіў яго, як сваю душу.

18 І казаў яму Ёнатан: «Заўтра маладзік, і ты звернеш на сябе ўвагу: бо месца тваё будзе пустым.

19 На трэці дзень ты хутка сыдзі і прыйдзі на тое месца, дзе ты хаваўся раней; і затрымайся каля каменя Эзэл.

20 А я пушчу ў яго бок тры стралы і пушчу іх, як быццам страляючы ў метку.

21 Таксама пашлю і паслугача, даючы яму загад: “Ідзі і прынясі мне стрэлы”. Калі скажу паслугачу: “Вось, стрэлы перад табою, вазьмі іх”, — ты прыходзь да мяне, бо супакой табе, і няма нічога благога, жыве Госпад.

22 А калі скажу паслугачу так: “Вось, стрэлы за табой”, — ты ўцякай, бо Госпад пасылае цябе.

23 Вось, аб дамоўленасці, якую мы зрабілі, я і ты, хай Госпад будзе між мною і табой навекі».

24 Такім чынам, схаваўся Давід на полі; і надышоў маладзік, і цар учыніў застолле.

25 І калі, як звычайна, сядзеў цар на сваім пасадзе каля сцяны, Ёнатан заняў месца насупраць, і Абнэр сядзеў з боку Саўла, і месца Давіда было пустым.

26 І ў той дзень Саўл нават не ўзгадаў аб ім; думаў бо ён, што, можа, яму што здарылася, што ён нячысты і не ачысціўся.

27 І калі назаўтра, на другі дзень маладзіка, месца Давіда зноў было пустым, сказаў Саўл сыну свайму, Ёнатану: «Чаму сын Ясэя не прыйшоў на застолле ані ўчора, ані сёння?»

28 І Ёнатан адказаў Саўлу: «Давід вельмі прасіў мяне адпусціць яго ў Бэтлехэм,

29 і ён казаў: “Адпусці мяне, бо ў тым горадзе складаюць ахвяру сямейную і мой брат сам запрасіў мяне, такім чынам, цяпер, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, я хутка пайду і ўбачу братоў маіх”. З гэтай прычыны не прыйшоў ён да царскага стала».

30 А Саўл, узлаваўшыся на Ёнатана, сказаў яму: «Ты, сын жанчыны нясталай, ці ж я не ведаю, што ты любіш сына Ясэя на ганьбу сваю і на ганьбу галізны маці сваёй?

31 Бо ва ўсе дні, калі будзе жыць на зямлі сын Ясэя, не ўтрымаешся ты і цараванне тваё; такім чынам, зараз жа пашлі пасланцоў і прывядзі яго да мяне, бо ён сын смерці».

32 Адказваючы ж Саўлу, бацьку свайму, Ёнатан сказаў: «Чаму ён мусіць памерці? Што ён зрабіў?»

33 І Саўл схапіў дзіду, каб забіць яго, і пераканаўся Ёнатан, што бацька яго вырашыў забіць Давіда.

34 Такім чынам, падняўся Ёнатан ад стала вельмі разгневаны і не еў хлеба ў другі дзень маладзіка, бо трывожыўся дзеля Давіда, таму што бацька яго засмуціў яго.

35 І калі развіднела, пайшоў Ёнатан на поле, на месца, вызначанае Давідам, а разам з ім малады паслугач.

36 І сказаў ён паслугачу свайму: «Ідзі і прынясі мне стрэлы, якія я пушчу». І калі паслугач пабег, ён пусціў стралу цераз паслугача.

37 Такім чынам, пайшоў паслугач да месца стралы, якую пусціў Ёнатан, і Ёнатан крыкнуў за спіною паслугача, і сказаў: «Страла далей за табою!»

38 І закрычаў Ёнатан ззаду за паслугачом: «Хутчэй, паспяшайся, не стой!» Падняў тады паслугач Ёнатана стралу і прынёс да гаспадара свайго,

39 і, што адбывалася, ён зусім не ведаў: бо толькі Ёнатан і Давід разумелі справу.

40 І аддаў Ёнатан зброю сваю паслугачу, і сказаў яму: «Ідзі, занясі ў горад».

41 І калі адышоў паслугач, устаў Давід з паўднёвага боку і, упаўшы тварам на зямлю, тры разы пакланіўся; і пацалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, а Давід плакаў уголас.

42 Такім чынам, сказаў Ёнатан Давіду: «Ідзі ў супакоі; бо мы прысягнулі абодва ў імя Госпада, кажучы: “Госпад будзе між мною і табой, і паміж нашчадкамі маімі і нашчадкамі тваімі адгэтуль і навечна”».

43 Потым Давід устаў і пайшоў, а Ёнатан вярнуўся ў горад.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы