1 ЦІМАФЕЯ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дух, вось, адкрыта кажа, што ў апошнія часы некаторыя адступяцца ад веры і прыхіляцца да духаў спакусы і да навук дэманавых, 2 крывадушна падманваючых і са спаленым сумленнем сваім, 3 забараняючых жаніцца, ужываць у ежу стравы, якія стварыў Бог і даў тым, што пазналі праўду, каб дзякавалі Богу. 4 Бо любое стварэнне Бога добрае, і нічога не трэба адкідаць, што з падзякаю прымаецца; 5 бо ўсвячаецца яно праз слова Божае і малітву. 6 Выясняючы гэта братам, будзеш добрым паслугачом Хрыста Ісуса ў словах веры і добрай навукі, якой ты заўсёды трымаўся. 7 Недарэчных і бабскіх плётак высцерагайся. Практыкуй сябе ў пабожнасці. 8 Бо цялесныя практыкаванні мала карысныя, пабожнасць жа да ўсяго прыдатная, маючы абяцанне жыцця цяперашняга і будучага. 9 Праўдзівае гэтае слова і вартае ўсякай увагі. 10 Бо дзеля гэтага мы працуем і ганьбаванне церпім, што спадзяёмся на Бога жывога, Які ёсць Збаўца ўсіх людзей, а ў першую чаргу верных. 11 Загадвай гэта і вучы. 12 Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю, але будзь прыкладам верным у слове, у паводзінах, у любові, у духу, у веры, у чысціні. 13 Пакуль прыбуду, займіся чытаннем, суцяшэннем, навукаю. 14 Не занядбай даравання, якое ў табе, якое дадзена табе праз прароцтва з ускладаннем рук старэйшых. 15 Аб гэтым думай, будзь у гэтым, каб поспех твой усім быў бачны. 16 5 Углядайся ў сябе і тое, чаму навучаеш, трывай у гэтым; бо, так робячы, і сябе збавіш, і тых, каторыя слухаюць цябе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)