1 ЦІМАФЕЯ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вернае слова: калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае. 2 Епіскапу належыць быць беззаганным, мужам аднае жонкі, цвярозым, разумным, сумленным, гасцінным, вучыцельным; 3 не п’яніцаю, не задзіраю, не карыслівым, але далікатным, не сварлівым, не сквапным, 4 добрым гаспадаром уласнага дому, які трымае ў паслухмянасці дзяцей з усякай пашанай, – 5 бо калі хто не можа кіраваць сваім домам, як жа будзе рупіцца аб Царкве Божай? – 6 не можа быць з нованавернутых, каб не ўзбіўся ў пыху і не трапіў на суд разам з д’яблам. 7 Яму належыць мець добрае сведчанне ад тых, што навокал, каб не трапіў у пагарду і ў пастку д’ябла. 8 Таксама і дыяканы [хай будуць] паважныя, не двуязычныя, не прагавітыя да віна, не сквапныя да нажывы, 9 якія захоўваюць таямніцу веры ў чыстым сумленні. 10 І яны павінны быць перш выпрабаваныя, і потым, калі не будуць мець ніякай правіны, хай служаць. 11 Падобна і жонкі – паважныя, не абмоўныя, цвярозыя, верныя ва ўсім. 12 Дыяканы каб былі мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі сваімі і сваім домам. 13 Тыя, што добра спаўняюць служэнне, здабываюць сабе пачэсную ступень ды вялікую ўпэўненасць у веры, якая ёсць у Хрысце Ісусе. 14 Пішу табе ўсё гэта, маючы надзею прыбыць да цябе неўзабаве. 15 Калі ж замаруджу, каб ведаў ты, як маеш трымацца ў доме Божым, які ёсць Царква Бога жывога, стоўп і ўмацаванне праўды. 16 Ды агульна прызнана, што вялікая таямніца пабожнасці: Бог аб’явіўся ў целе, засведчаны Духам, паказаўся анёлам, абвешчаны народам, прыняты вераю ў свеце, узнесены ў славе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)