1 ЦІМАФЕЯ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дык прашу найперш, каб узносілі просьбы, малітвы, умольванні і падзякі за ўсіх людзей, 2 за цароў і за ўсіх тых, што знаходзяцца пры ўладзе, каб маглі мы весці жыццё ціхае і спакойнае з усёю пабожнасцю і прыстойнасцю. 3 Бо гэта добра і міла Збаўцу нашаму Богу, 4 Які хоча збавіць усіх людзей і давесці іх да пазнання праўды. 5 Бо адзін Бог, і адзін Пасярэднік між Богам і людзьмі – чалавек Хрыстос Ісус, 6 Які Самога Сябе выдаў дзеля адкуплення за ўсіх, як сведчанне ў свой час, 7 на які і я прызначаны прапаведнікам, і Апосталам, і, праўду кажу у Хрысце, не ашукваю, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе. 8 Дык хачу, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, падымаючы чыстыя рукі без гневу і спрэчак. 9 Падобна і жанчыны ў прыстойным адзенні, упрыгожаныя са сціпласцю і цнатлівасцю не пляценнем валасоў ці золатам або перламі ці каштоўнымі строямі, 10 але як належыць жанчынам, лепш выяўляючы пабожнасць праз добрыя справы. 11 Жанчына няхай вучыцца ў ціхасці, з поўнай пакорлівасцю. 12 Не дазваляю жанчыне навучаць і панаваць над мужам, але каб заставалася ў ціхасці. 13 Бо Адам быў першым створаны, а потым Ева. 14 І не Адам даўся звесціся, а жанчына была зведзена і ўпала ў злачынства. 15 3 Яна будзе збаўлена, родзячы дзяцей і трываючы ў веры, любові і святасці са сціпласцю. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)