1 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дзеля таго, што не маглі мы далей вытрымаць, захацелася нам адным застацца ў Атэнах. 2 і паслалі мы да вас Цімафея, брата нашага і супрацоўніка, паслугача Божага ў Евангеллі Хрыстовым, для падмацавання вашага і падбадзёрвання ў веры вашай, 3 каб ніхто не хістаўся ў гэтых прыгнётах; бо самі ж ведаеце, што мы на гэта пастаўлены. 4 Бо, і ў вас будучы, мы прадказвалі вам, што будзем цярпець прыгнёт, як і сталася, і вы ведаеце. 5 Таму вось і я, не могучы далей стрымацца, паслаў даведацца пра веру вашу, ці не зводзіць вас часам спакуснік і ці не дарэмнай сталася праца наша. 6 Цяпер жа, пасля прыбыцця да нас ад вас Цімафея і весткі пра веру і любоў вашу, і што маеце заўсёды пра нас добрую памяць, жадаючы нас пабачыць, як і мы вас, 7 суцешыліся мы вамі, праз веру вашу, ва ўсякім горы і прыгнёце нашым, браты, 8 бо мы цяпер жывём, калі вы стаіце ў Госпадзе. 9 Якую ж падзяку можам даць Богу за вас і за ўсю радасць, якою радуемся дзеля вас перад Богам нашым, 10 ноччу і днём горача молячыся, каб паглядзець на вас з аблічча і дапоўніць тое, чаго не хапае веры вашай? 11 Хай жа Сам Бог і Айцец наш і Госпад наш Ісус Хрыстос выпрастае дарогу нашу да вас. 12 А вас няхай Госпад напоўніць і перапоўніць узаемнай любоўю і любоўю да ўсіх, як і мы да вас, 13 дзеля ўзмацнення сэрцаў вашых без заганы ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі Яго святымі. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)