Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ПЯТРА 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Старэйшых, якія сярод вас, прашу я, таксама старэйшы і сведка Хрыстовых цярпенняў ды ўдзельнік тае славы, якая мае аб’явіцца:

2 пасіце статак Божы, які ў вас, даглядаючы яго не пад прымусам, але добраахвотна, па волі Божай, не дзеля нягодных нажыткаў, але са стараннасцю,

3 і не пануючы над даручаным, але даючы прыклад статку.

4 І, калі аб’явіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце незвядальны вянок славы.

5 Таксама і вы, юнакі, будзьце паслухмяныя старэйшым. Усе ўзаемна, падпарадкоўваючыся адзін аднаму, апраніцеся ў пакору, бо Бог пыхлівым супрацівіцца, а пакорлівым ласку дае.

6 Дык скарыцеся пад магутнай рукой Бога, каб вас узвысіў у свой час.

7 Усе клопаты свае ўскладайце на Яго, бо Ён пра вас рупіцца.

8 Будзьце цвярозымі, чувайце! Бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, кружыць, шукаючы, каго зжэрці.

9 Станьце супроць яго цвёрдаю вераю, ведаючы, што гэткія самыя пакуты выпадаюць і тым вашым братам, што ёсць у свеце.

10 А Бог усякае ласкі, Які вас паклікаў да вечнай славы Сваёй у Хрысце Ісусе, пасля нядоўгага цярпення [вашага] Сам вас удасканаліць, зробіць непарушнымі, угрунтуе, падмацуе.

11 Яму слава і Валадарства ў векі вечныя. Амін.

12 Коратка я вам напісаў праз Сілівана, вернага брата, як думаю, перасцерагаючы ды і сведчанне прыносячы, што такая вось праўдзівая ласка Божая; у ёй вы стаіце.

13 Вітае вас тая, што ў Бабілоне, выбраная, як і вы, а таксама Марк, мой сын.

14 Павітайцеся ўзаемна пацалункам любові. Супакой вам усім, што трываеце ў Хрысце Ісусе. Амін.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы