1 ЛЕТАПІСАЎ 27 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А сыны Ізраэля па іх ліку: кіраўнікі родаў, тысячнікі і сотнікі ды валадары, якія служылі цару са сваімі дружынамі, прыходзячы і адыходзячы штомесячна на працягу года, кожная дружына налічвала чатыры тысячы. 2 Першай дружынай у першы месяц кіраваў Есбаам, сын Забдзіэля, і пад ім — дваццаць чатыры тысячы ваяроў; 3 ён быў з сыноў Пэрэса, кіраўнік усіх кіраўнікоў войска ў першым месяцы. 4 У другім месяцы кіраваў дружынай Дудзі Агагіт, і пад ім было дваццаць чатыры тысячы. 5 А ў трэцім месяцы кіраўніком трэцяй дружыны быў Баная, сын Ёяды святара, і ў сваім падраздзяленні меў дваццаць чатыры тысячы; 6 гэты ж Баная быў наймужнейшым між трыццаццю і камандаваў трыццаццю, а кіраўніком яго дружыны быў сын яго Амізабад. 7 У чацвёртым месяцы чацвёртым быў брат Ёаба Асаэль і Забадзія, сын яго, па ім, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. 8 У пятым месяцы пятым быў кіраўнік Самаот Зараіт, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. 9 У шостым месяцы шостым быў Хіра, сын Акеса, Тэкуіт, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. 10 У сёмым месяцы сёмым быў Гэлес Паланіт з сыноў Эфраіма, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. 11 У восьмым месяцы восьмым быў Сабахай Гусаціт з роду Зары, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. 12 У дзевятым месяцы дзевятым быў Абіязэр Анатаціт з сыноў Бэньяміна, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. 13 У дзесятым месяцы дзесятым быў Магарай, нэтафатыт з роду Зары, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. 14 У адзінаццатым месяцы адзінаццатым быў Баная, Паратаніт з сыноў Эфраіма, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. 15 У дванаццатым месяцы дванаццатым быў Галдай, нэтафатыт з роду Атаніэля, і ў яго дружыне было дваццаць чатыры тысячы. 16 Затым над пакаленнямі Ізраэля сталі: над Рубэнітамі кіраўніком быў Эліязэр, сын Зэхры; над Сімяонітамі — Сафація, сын Маахі; 17 над левітамі — Гасабія, сын Кемуэля, над ааранітамі — Садок; 18 над пакаленнем Юды — Элію з братоў Давіда; над пакаленнем Ісахара — Амры, сын Міхаэля; 19 над Забуланітамі — Есмая, сын Абдзіі; над Нэфталітамі — Ерымот, сын Азрыэля; 20 над сынамі Эфраіма — Осія, сын Азазіі; над паловай пакалення Манасы — Ёэль, сын Падаі; 21 над паловай пакалення Манасы ў Галаадзе — Ядо, сын Захарыі; над Бэньямінцамі — Ясіэль, сын Абнэра; 22 над Данітамі — Азарыэль, сын Ерахама: яны былі князямі пакаленняў Ізраэля. 23 А Давід не пажадаў лічыць тых, хто меў па дваццаць гадоў або менш, бо Госпад сказаў, што памножыць Ізраэль, як зоркі на небе. 24 Ёаб, сын Сэруі, пачаў лічыць і не скончыў, бо дзеля гэтага паў гнеў на Ізраэль, і таму не прадстаўлена таго ліку ў Кнізе Хронікаў Цара Давіда. 25 Над скарбамі цара быў Азмавэт, сын Адзіэля, а над скарбамі ў правінцыі, у гарадах, у вёсках і ў вежах стаяў Ёнатан, сын Озіі. 26 А над работнікамі ў полі і сельскай гаспадаркай стаяў Эздра, сын Хелуба. 27 І над работнікамі вінаграднікаў — Сямэй Раматыт; а над віннымі скляпамі ў вінаградніках — Забдый Сэпаматыт. 28 А над масліннымі і фігавымі гаямі, што былі ў Сэфэлі, — Баал-Ханан Гадэрыт; а над кладоўкамі з аліўкавым алеем — Ёас. 29 Затым над быдлам, якое пасвілася ў Сароне, загадчыкам быў Сэтрай Сараніт, і над валамі ў далінах — Сафат, сын Адлі. 30 А над вярблюдамі — Убіль Ізмаэлец, і над асламі — Ягэдэй Мэранатыт; 31 таксама над авечкамі — Язіз Агарэй: усе яны былі кіраўнікамі маёмасці цара Давіда. 32 А Ёнатан, дзядзька Давіда, быў дарадчыкам, як чалавек разважны і вучоны, ён і Ягіэль, сын Гахаманіта, былі разам з сынамі цара. 33 Таксама Ахітатэл быў дарадчыкам цара і Хусай арахеец быў прыяцелем цара; 34 па Ахітатэлу быў Ёяда, сын Банаі, ды Абіятар. Кіраўніком жа войска царскага быў Ёаб. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)