Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЛЕТАПІСАЎ 23 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Дык Давід, стары і насычаны гадамі, паставіў Саламона, сына свайго, царом над Ізраэлем,

2 і сабраў усіх князёў Ізраэля, і святароў, і левітаў.

3 І былі палічаны левіты ад трыццаці гадоў і вышэй, і было налічана іх трыццаць восем тысяч мужчын.

4 З іх прызначаны на службу ў доме Госпада — дваццаць чатыры тысячы; а суддзямі былі пастаўлены шэсць тысяч;

5 затым прыдзверных — чатыры тысячы ды столькі ж музыкаў, якія пастаўлены праслаўляць Госпада на музычных інструментах, якія справіў на праслаўленне.

6 Ды падзяліў іх Давід на змены па сынах Леві, гэта значыць Гэрсона, Кагата і Мэрары.

7 З сыноў Гэрсона: Ладан і Сямэй.

8 Сыны Ладана: князь Ягіэль, і Зэтам, і Ёэль — трое.

9 Сыны Сямэя: Саламіт, і Газіэль, і Аран — трое; яны былі кіраўнікамі родаў Ладана.

10 Затым сыны Сямэя: Ягат, і Зіза, і Ягус, і Бэрыя; гэта сыны Сямэя — чацвёра.

11 А Ягат быў першы, Зіза — другі; а Ягус і Бэрыя не мелі шмат дзяцей і таму былі палічаны як адзін род і адна сям’я.

12 Сыны Кагата: Амрам, і Ісаар, Геброн і Азіэль — чацвёра.

13 Сыны Амрама: Аарон і Майсей. І Аарон быў выдзелены, каб складаць ахвяры найсвяцейшыя, ён і сыны яго навек: і каб ён успальваў перад абліччам Госпада, і паслугаваў Яму ды дабраслаўляў імя Яго навек.

14 Таксама сыны Майсея, чалавека Божага, былі залічаны ў пакаленне Леві.

15 Сыны Майсея: Гэрсам і Эліязэр.

16 Сыны Гэрсама: першы — Субаэль.

17 Сынамі ж Эліязэра былі: Рагобія — першы, ды не было ў Эліязэра іншых сыноў; а сыны Рагобіі надта распладзіліся.

18 Сыны Ісаара: Саламот — першы.

19 Сыны Геброна: Ерыяў — першы, Амарыя — другі, Яхазіэль — трэці, Екмаам — чацвёрты.

20 Сыны Азіэля: Міха — першы, Ясія — другі.

21 Сыны Мэрары: Махалі і Мусі. Сыны Маголі: Элеязэр і Кіс;

22 а Элеязэр памёр ды не меў сыноў, але дачок, і ўзялі іх за жонак сыны Кіса, браты іх.

23 Сыны Мусі: Махалі, і Эдэр, і Ярмут — трое.

24 Гэта сыны Леві па іх родах, кіраўнікі сем’яў па змене і па ліку паасобных галоў, якія спаўнялі службу ў доме Госпада ад дваццаці гадоў і вышэй.

25 Давід бо сказаў: «Госпад, Бог Ізраэля, даў супакой народу Свайму ды будзе жыць у Ерузаліме вечна;

26 і левіты не будуць мець абавязку далей насіць палатку, ды ўсе пасудзіны яе да службы».

27 Дык па апошнім загадзе Давіда левіты будуць залічаны ад дваццаці гадоў і вышэй,

28 і яны будуць пад рукой сыноў Аарона на паслузе дома Госпадава — на панадворках і ў пакоях, і пры ачышчэнні ўсяго, што пасвечана, ды спаўняць паслугу ў святыні Бога,

29 яны рупіліся пра хлябы пакладныя, і пра муку на ахвяру з ежы, і пра праснакі, і пра патэльню, і пра смажанне, і пра ўсё, што было ўзважана і адмерана.

30 І мелі стаяць штораніцы, каб дзякаваць Госпаду і славіць Яго, і таксама вечарам;

31 і каб складаць усе цэласпаленні Госпаду, і каб у шабат, і на маладзік, і ў астатнія святы па ўстаноўленым ліку і рытуалах кожнай справы — заўсёды перад абліччам Госпада.

32 І хай яны пільнуюць правілы палаткі сустрэчы, і рытуал свяцілішча, і пабожнасць сыноў Аарона, іх братоў, у службе ў доме Госпадавым.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы