1 КАРЫНФЯНАЎ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Што да ідалам складаных ахвяр, мы ведаем, бо маем усе веданне. Але веданне надзімае, а любоў будуе. 2 Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, дык ён нічога не спазнаў яшчэ, як трэба яму ведаць. 3 А калі хто любіць Бога, той вядомы Яму. 4 Адносна спажывання ідалам ахвяраванага мы ведаем, што няма на свеце ніякіх ідалаў і ніводнага бога, апрача Адзінага. 5 А хоць і ёсць у небе ці на зямлі тыя, што называюцца багамі (бо шмат такіх багоў і гаспадароў), 6 але для нас існуе толькі адзін Бог Айцец, ад Якога ўсё і мы для Яго, і адзін Госпад, Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё і мы праз Яго. 7 Але не ва ўсіх ёсць веданне: некаторыя дасюль з сумленнем, якое прызнае ідалаў, ядуць ахвяраванае ідалам, і свядомасць іх спаганьваецца, бо кволая. 8 А ежа не набліжае нас да Бога, бо не бяднеем, калі не ядзім, і таксама, ядучы, нічога не набываем. 9 Усё ж такі глядзіце, каб ваша ўлада не сталася часам спакусай для слабых. 10 Бо, калі б хто ўбачыў таго, што мае веданне і ўзлягае пры ідальскім, няўжо яго свядомасць, паколькі яна слабая, не заахвоціцца есці ідалам ахвяраванага? 11 І слабы загіне з-за твайго ведання; брат, за якога памёр Хрыстос! 12 А саграшаючы так супраць братоў і б’ючы па свядомасці іх нядужай, грашыце супраць Хрыста. 13 Дык, калі ежа горшыць брата майго, давеку не буду есці мяса, каб не горшыць брата майго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)