1 КАРЫНФЯНАЎ 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Як адважваецца хтосьці з вас, маючы непаразуменне з іншым, судзіцца з ім перад нявернымі, а не перад святымі? 2 Няўжо вы не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? І калі вамі будзе суджаны свет, дык няўжо вы не варты судзіць меншае? 3 Ці не ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? Дык тым болей жыццёвае? 4 А вы, калі маеце жыццёвыя справы, ставіце сваімі суддзямі тых, хто нікчэмныя ў царкве. 5 На сорам вам кажу гэта. Няўжо няма ў вас ніводнага разумнага, які мог бы вынесці прысуд сярод братоў сваіх? 6 А то брат з братам судзіцца, ды яшчэ перад бязвернымі? 7 Ужо і тое для вас прыніжэнне, што судзіцеся між сабой. Чаму вам не лепш прыняць крыўду? Чаму не лепш пацярпець шкоду? 8 Але вы самі чыніце несправядлівасць і адбіраеце, ды нават у братоў! 9 Ці не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць Валадарства Божага ў спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распуснікі, ані балванапаклоннікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані садомцы, 10 ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані зламоўныя, ані рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага. 11 І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы асвяціліся, але вы апраўдаліся ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз Духа Бога нашага. 12 «Усё мне можна!» Але не ўсё карысна. «Усё мне можна!» Але я нічому не дазволю мець уладу нада мною. 13 «Ежа – для жывата, і жывот – для ежы». Але Бог знішчыць адно і другое. Дык цела не для распусты, але для Госпада, і Госпад – для цела. 14 Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас таксама Сваёю магутнасцю ўваскрасіць. 15 Ці ж не ведаеце, што целы вашы ёсць члены Хрыста? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, буду рабіць іх членамі распусніцы? Ніколі! 16 Або ці не ведаеце, што той, хто злучаецца з распусніцай – адно цела ёсць? «Будуць, вось, яны, як сказана, двое адным целам». 17 Той жа, хто злучаецца з Госпадам – адзін Дух ёсць. 18 Уцякайце ад распусты! Кожны грэх, які б ні чыніў чалавек, ёсць па-за целам; хто ж распуснічае, супраць свайго цела грашыць. 19 Ці ж не ведаеце, што цела ваша ёсць святыня Духа Святога, Які ў вас і Якога маеце ад Бога, ды што вы ўжо не свае? 20 Вы ж здабыты за вялікую цану. Дык хваліце Бога ў целе вашым і ў духу вашым, якія ёсць Божыя! |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)