Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 КАРЫНФЯНАЎ 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Адносна складак, што збіраюцца дзеля святых, дык і вы рабіце, як я загадаў цэрквам у Галатыі.

2 Хай у першы дзень тыдня кожны з вас адкладзе ў сябе, зберагаючы, тое, што яму даспадобы, каб не рабіліся зборы тады, як я прыбуду.

3 Калі ж я з’яўлюся, дык тых, якіх прызнаеце вы за дастойных, пашлю з лістамі перадаць дар ваш у Ерузалім,

4 а калі б аказалася патрэбным і мне пайсці, дык яны пойдуць разам са мною.

5 Я прыйду да вас, калі буду ісці праз Мацэдонію, бо праз Мацэдонію буду ісці.

6 У вас, магчыма, застануся або нават перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.

7 Не хачу вас толькі мімаходам пабачыць. Але маю надзею, што нейкі час пабуду ў вас, калі Госпад дазволіць.

8 А ў Эфесе прабуду да Пяцідзесятніцы,

9 бо там адкрылася мне вялікая і надзейная брама, але многа супраціўнікаў.

10 Калі ж прыйдзе Цімафей, дык глядзіце, каб быў без страху ў вас, бо ён робіць справу Госпада, як і я.

11 Дык хай ніхто не пагарджае ім. Прывядзіце яго ў супакоі, каб прыйшоў да мяне, бо чакаю яго разам з братамі.

12 Што да брата Апалоса, дужа прасіў я яго, каб прыбыў да вас з братамі, ды ён не меў цяпер ахвоты прыйсці, але прыйдзе, калі будзе мець магчымасць.

13 Чувайце, будзьце стойкімі ў веры, трымайцеся мужна, будзьце дужымі.

14 Хай усё ў вас дзеецца ў любові.

15 Прашу вас, браты, – вы ведаеце сям’ю Сцяпанаву, што яны ёсць першакамі ў Ахаі і пасвяціліся на паслугу святым, –

16 каб вы былі паслухмяныя такім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе.

17 Цешуся ж прысутнасцю Сцяпана, Фартуната і Ахаіка, бо замянілі мне яны вашу адсутнасць,

18 бо падбадзёрылі яны мой і ваш дух. Дык шануйце такіх.

19 Вітаюць вас цэрквы Азіі. Шчыра вітаюць вас у Госпадзе Аквіла і Прыска разам з царквою, што ў іх доме.

20 Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам.

21 Прывітанне маёю рукою, Паўлавай.

22 Калі хто не любіць Госпада Ісуса Хрыста, анатэма! Марана та!

23 Ласка Госпада Ісуса Хрыста з вамі.

24 Любоў мая з усімі вамі ў Хрысце Ісусе. Амін.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы