1 КАРЫНФЯНАЎ 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Не хачу, браты, каб вы не ведалі пра духоўныя дары. 2 Бо вы ведаеце, як вы былі паганамі, дык хадзілі да нямых ідалаў, быццам вялі вас. 3 Дзеля таго даводжу вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, не кажа: «Анатэма Ісусу!» Ды ніхто не можа назваць Госпадам Ісуса, як толькі ў Духу Святым. 4 Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух. 5 І адрозненні ў служэннях, але той самы Госпад. 6 І адрозненні ў дзейнасці, але той самы Бог, Які ўсё ва ўсіх робіць. 7 Кожнаму даецца аб’яўленне Духа для карысці. 8 Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому даецца тым самым Духам слова ведання, 9 яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму – дары аздараўлення тым самым Духам, 10 іншаму – чыніць цуды, іншаму – праракаванне, іншаму – распазнаванне духаў, іншаму – розныя мовы, іншаму – тлумачэнне моў. 11 Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму, як Ён хоча. 12 Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены аднаго цела, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос. 13 Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам. 14 А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх. 15 Калі б нага сказала: «Я не ад цела, бо я не рука», дык няўжо яна таму і не ад цела? 16 Або калі вуха скажа: «Я не ад цела, бо я не вока», дык няўжо яно і не ад цела? 17 Калі б усё цела было вокам, дзе ж слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе нюх? 18 Але цяпер Бог размясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Ён захацеў. 19 А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж цела? 20 Вось цяпер членаў многа, а цела – адно. 21 Не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне непатрэбна!» або галава нагам: «Вы мне не патрэбны!» 22 Наадварот, члены цела, якія падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя, 23 ды тыя, якія мы лічым менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, маюць асаблівае ўшанаванне, 24 а нашы прыстойныя не патрабуюць нічога. Але Бог уфармаваў цела, даўшы большую пашану таму, якому не хапае, 25 каб не было ў целе раздзялення, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным. 26 Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены. 27 Вы – Цела Хрыстова, а паасобна – члены. 28 І адных Бог паставіў у Царкве па-першае – Апосталамі, па-другое – прарокамі, па-трэцяе – настаўнікамі, потым тых, што маюць моц чынення цудаў, потым дары аздараўлення, дар успамогі, дар гаспадаравання, дар усякіх моў. 29 А ці ўсе Апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы? 30 Ці ўсе маюць дары аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць? 31 Рупцеся аб дарах большых, а я вам пакажу шлях яшчэ больш дасканалы. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)